ЛІТВІ́НЫ.
ліцвіны, назва жыхароў Вялікага княства Літоўскага, пераважна зах. беларусаў і ўсх. літоўцаў у 14—18 ст. Упершыню сустракаецца ў польск. гіст. крыніцах 14 ст. У бел.-літ. летапісах і інш. дакументах 14—16 ст. назва Л. звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з кн. Палемонам, а тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма Літва — на 3 ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-слав. насельніцтва (гл. ў арт. Літва летапісная). У канфесіянальным аспекце нярэдка звязвалася з каталіцтвам. У 16—18 ст. назва Л. набыла гучанне палітоніма — дзярж. паліт. вызначэння ўсяго насельніцтва ВКЛ, аднак адрознівалася ад саманазвы менавіта літоўцаў (аўкштайты і жэмайты), усх. беларусаў правасл. веры (русіны, руськія) і палешукоў. Жыхароў Белай Русі называлі Л.-беларусцамі (гл. Беларусцы). У 19 — пач. 20 ст. арэал існавання назвы Л. звузіўся. У наш час ужываецца як экзаэтнонім у палякаў для вызначэння літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невял. груп бел. насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некат. раёнаў бел.-ўкр. Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і часткова беларускамоўнага насельніцтва паўн. Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, зах. Браншчыны і Смаленшчыны.
І.У.Чаквін.
т. 9, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)