Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІША́ЙНІКАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

фенольныя арганічныя злучэнні, якія маюць у сабе лішайнікі. Валодаюць актыўнасцю антыбіётыкаў. Л.к. атрымліваюць біясінтэзам з рэшткаў воцатнай к-ты. У нар. медыцыне выкарыстоўваюць пры хваробах скуры, слупняку. Некат. ядавітыя.

т. 9, с. 330

ЛІША́ЙНІКІ (Lichenes),

група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў. На Беларусі 38 сям., 114 родаў, каля 500 відаў. Найб. пашыраны: гіпагімнія, графіс, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, рамаліна, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія, артонія, алекторыя, бацыдыя, буэлія, калаплака, калема, меланелія і інш. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і інш. колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе Л. часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15% ад усяго аб’ёму слаявіны, Па анат. будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1—2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арган. рэчывы. На Пн ісландскі лішайнік, кладонія — асн. корм паўн. аленяў. Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. Ліхенаіндыкацыя). З Л. атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. Вывучае Л. ліхеналогія.

Літ.:

Определитель лишайников СССР. Вып. 2. Л., 1974;

Van Haluwyn C., Lerond M. Guide des lichens: Lechevalier. Paris, 1993.

У.У.Галубкоў.

т. 9, с. 330

ЛІ́ШТВА ў архітэктуры,

накладная, часам фігурная планка вакол аконнага ці дзвярнога праёма. У драўляным дойлідстве — адзін з элементаў аздаблення знадворнай часткі жылля і грамадскіх пабудоў. Найб. пашыраная форма Л. — прамавугольная з трохвугольным, лучковым або складанай канфігурацыі завяршэннем. Асн. сродкі аздобы: краявая і скразная разьба геам., расл. ці зааморфнага характару, прафіляваныя накладныя элементы, паліхромная афарбоўка.

На Беларусі Л. адметныя шматслойнай ажурнай разьбой расл. характару, шматпланавасцю кампазіцый завяршэнняў. Разьбяныя Л. вядомы з 11 ст. (фрагмент знойдзены пры раскопках Полацка). Па-мастацку дэкарыраваныя Л. рабілі пераважна ў гарадах і мястэчках. У 2-й пал. 19 ст. разнастайны дэкор Л. паявіўся і ў сял. жыллёвым буд-ве. Упрыгожаныя разьбой і пафарбаваныя Л. выкарыстоўваюць у сучасным нар. жыллёвым буд-ве. На Міншчыне, Гродзеншчыне, 3 Віцебшчыны пашыраны Л. з гладкімі прафіляванымі фігурна выпілаванымі з адной дошкі завяршэннямі, з дэкорам геам., зааморфнага ці расл. характару. У цэнтр. Палессі (Пінскі, Столінскі р-ны) завяршэнні аздабляюцца шматслойнымі прафіляванымі планкамі, точанымі элементамі. Разнастайнасцю і багаццем дэкору вызначаюцца Л. на У Гомельшчыны (гл. Веткаўская разьба). Іл. гл. таксама ў арт. Дэкор.

Літ.:

Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973. С. 61—70;

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Яго ж. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество. Мн., 1991. С. 174—195.

Я.М.Сахута.

Ліштва жылога дома ў вёсцы Гусараўка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 1950-я г.

т. 9, с. 330

ЛІ́ШТВАН (Іван Іванавіч) (н. 3.11.1932, в. Вялікая Дайнава Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Акад. Нац. АН Беларусі (1980), д-р тэхн. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1956). З 1958 у Калінінскім політэхн. ін-це. У 1973—87 дырэктар Ін-та торфу, у 1990—97 — Ін-та праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі. З 1987 — віцэ-прэзідэнт, з 1992 акад.-сакратар Аддз. хім. і геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па механіцы торфу, фіз.-хім. асновах тэхналогіі вытв-сці торфу, працэсах структураўтварэння і вільгацепераносу ў торфе, надмалекулярных структурах арган. злучэнняў торфу і інш.

Тв.:

Микро- и макрореология дисперсных систем. Мн., 1975;

Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);

Физика и химия торфа. М., 1989 (у сааўт.);

Физические процессы в торфяных залежах. Мн., 1989 (разам з Я.Ц.Базіным, У.І.Косавым);

Массоперенос в природных дисперсных системах. Мн., 1992 (разам з АМ.Абрамцом, М.У.Чураевым).

І.І.Ліштван.

т. 9, с. 330

ЛІ́ШЧАНКА (Фёдар Ігнатавіч) (4.2.1903, г. п. Самбек Растоўскай вобл., Расія — 22.7.1980),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н., праф. (1969). З 1954 у БСГА (з 1967 заг. кафедры). Навук. працы па сортавыпрабаванні, сортараянаванні і агратэхніцы с.-г. культур. Распрацаваў прыёмы стварэння і рацыянальнага выкарыстання сенажацей і пашы, сістэму травасумесей шматгадовых траў.

Тв.:

Система травосмесей многолетних трав для животноводческих комплексов и хозяйств с крупными фермами КРС // Вопросы мирового кормопроизводства. Горки, 1975. Вып. 2.

т. 9, с. 330