Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІЁЗНАВА (Таццяна Міхайлаўна) (н. 20.7.1924, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1949), з 1962 выкладала ў ім. У 1975—80 кіраўнік (з Л.Куліджанавым) рэжысёрска-акцёрскай майстэрні. З 1949 на кінастудыі імя Горкага ў Маскве. Творчасць вылучаецца ўменнем перадаваць псіхал. клімат часу, гібкасцю і разнастайнасцю маст. прыёмаў. Паставіла кінафільмы «Памяць сэрца» (1958), «Еўдакія» (1961), «Ім скараецца неба» (1963), «З ранку» (1966), «Тры таполі на Плюшчысе» (1968); тэлефільмы «Семнаццаць імгненняў вясны» (паводле Ю.Сямёнава, 12 серый, 1973), «Мы, што ніжэй падпісаліся» (паводле А.Гельмана, 1980); муз. фільм «Карнавал» (1982). Дзярж. прэмія Расіі 1976.

т. 9, с. 254

ЛІЁН (Lyon),

горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Рона і гал. горад гіст. вобласці Ліянэ. 415 тыс. ж., з прыгарадамі 1,2 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт пры ўпадзенні р. Сона ў р. Рона. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Старадаўні еўрап. цэнтр вытв-сці вырабаў з натуральнага шоўку (з 15 ст.), тканін з штучнага шоўку і сінт. валакна, трыкатажу, фарбавальнікаў. У Л. і прыгарадах буйное станкабудаванне, эл.-тэхн., аўтамаб., хім. (серная кіслата, угнаенні, сінт. каўчук), нафтаперапр., паліграф., фармацэўтычная прам-сць. Метрапалітэн. АН, 4 ун-ты. Музеі: тканін, дэкарацыйнага мастацтва, Ліянэ, выяўл. мастацтваў, архітэктуры. Арх. помнікі: 2 стараж.-рым. т-ры, раманска-гатычныя і гатычныя цэрквы. Штогадовыя еўрап. гандл.-фін. кірмашы (з 15 ст.).

Узнік на месцы паселішчаў галаў. З 43 да н.э. рым. калонія Лугдунум, з 16 да н.э. адм. цэнтр прав. Лугдунская Галія. З 476 сталіца Бургундскага каралеўства. У 534 заваяваны франкамі. У 11—13 ст. у складзе «Свяшчэннай Рымскай імперыі», цэнтр графства Ліянэ, з 1173 — архіепіскапства; у 1245 і 1274 тут праходзілі ўсяленскія саборы. У 1312 горад далучаны да дамена франц. караля. У 16 ст. буйны цэнтр еўрап. гандлю і крэдыту, шаўкаткацтва і кнігадрукавання. У 19 ст. цэнтр рабочага руху, у т.л. Ліёнскіх паўстанняў 1831 і 1834. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (1942—44), цэнтр Руху Супраціўлення на Пд Францыі.

т. 9, с. 254

ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,

узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.

т. 9, с. 254

ЛІЁНСКІ ЗАЛІ́Ў (Golfe du Lion). У Міжземным м., каля паўд. берага Францыі. Даўж. 93 км, шыр. каля ўвахода 245 км, глыб. больш за 1000 м. У Л.з. упадае р. Рона. Прылівы няправільныя паўсутачныя (0,2 м). Порт — Марсель.

т. 9, с. 254

ЛІЁПА (Валерый Аляксандравіч) (н. 7.8.1939, с. Сухаўское Іркуцкай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела. Д-р фіз.-матэм. н. (1996). Скончыў Іркуцкі ун-т (1961). З 1978 у Брэсцкім пед. ін-це (у 1979—83 прарэктар), з 1985 у Гродзенскім ун-це. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе крышталёў і матрычнай крышталяграфіі. Распрацаваў комплексны метад вызначэння малекулярнай структуры рэчываў у залежнасці ад саставу і знешніх уздзеянняў.

Тв.:

Изменение структуры полиметилметакрилата при облучении миллисекундными лазерными импульсами (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1998. Т. 25, №11.

т. 9, с. 254