Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІЯ́ЗЫ,

клас ферментаў, якія каталізуюць рэакцыі негідралітычнага адшчаплення ад субстратаў груп атамаў з утварэннем двайных сувязей, і рэакцыі далучэння атамаў і груп атамаў па двайных сувязях. Падзяляюць на вуглярод-вуглярод-Л., вуглярод-азот-Л., вуглярод-кісларод-Л. і інш. Пашыраны ў прыродзе, удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў.

т. 9, с. 330

ЛІЯКА́Т АЛІ́ ХАН (1.10.1895, Карнал, Індыя — 16.10.1951),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху; адзін з заснавальнікаў дзяржавы Пакістан. Юрыст. Скончыў Алахабадскі (Індыя) і Оксфардскі (Вялікабрытанія) ун-ты. З 1923 дэп. Заканад. сходу ў Аб’яднаных правінцыях, потым Заканад. сходу Індыі. З 1923 чл. Мусульманскай лігі, у 1936—50 яе ген. сакратар, з 1950 прэзідэнт. У 1946—47 чл. Выканаўчага савета пры віцэ-каралі Індыі, са жн. 1946 чл. часовага урада Дж.Нэру. У 1947—51 першы прэм’ер-міністр Пакістана, атрымаў тытул «правадыра нацыі». Забіты мусульм. фанатыкам у час мітынгу ў г. Равалпіндзі.

т. 9, с. 330

ЛІЯ́НЫ (франц. lianes ад lier звязваць),

група травяністых і дрэвавых раслін, якія не здольны самастойна захоўваць вертыкальнае становішча сцябла і выкарыстоўваюць у якасці апоры інш. расліны, скалы, пабудовы. Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны пераважна ў трапічных лясах. Л. ўзнімаюцца да святла, абвіваюць інш. расліны або падпоры, чапляюцца за іх вусікамі, кручкападобнымі валаскамі. Пераважна кветкавыя расліны. Адрозніваюць Л. лазячыя і павойныя. Да культ. Л. адносяцца вінаград, хмель, некат. віды бабовых (напр., гарох); дэкар. — розныя віды дзявочага вінаграду, павойніку, фасолі, некат. віды аспарагуса, сапр. язмін і інш.

т. 9, с. 330

ЛІЯНЭ́ (Lyonnais),

гістарычная вобласць на ПдУ Францыі. Уключае дэпартаменты Луара і Рона. Пл. 8 тыс. км2. Нас. каля 2,3 млн. чал. (1995). Гал.’ горад і прамысл. цэнтр — Ліён. Амаль уся тэрыторыя ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на У даліны рэк Сона і Рона. Клімат умераны, у далінах пераходны да міжземнаморскага. Ападкаў каля 1000 мм за год. Развіта прам-сць: металургічная, маш.-буд., эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, харчовая. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бульбу, агародніну, фуражныя культуры. Садоўніцтва і вінаградарства. У гарах пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі).

т. 9, с. 331

ЛІ́ЯРД, Лаярд (Liard),

рака ў Канадзе, левы прыток р. Макензі. Даўж. 1215 км, пл. басейна 276 тыс. км2. Пачынаецца ў гарах Пелі (сістэма Скалістых гор), у верхнім цячэнні парожыстая. Гал. прытокі: Форт-Нельсан, Саўт-Нахані. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Ледастаў ад кастр. да мая. Суднаходная ад г. Форт-Ліярд. У вусці — г. Форт-Сімпсан.

т. 9, с. 331

ЛІЯТА́Р ((Liotard) Жан Эцьен) (22.12. 1702, г. Жэнева, Швейцарыя — 12.6. 1789),

швейцарскі мастак. Майстар пастэльнага партрэта. Вучыўся ў Жэневе ў Д.Гардэля, у Парыжы ў Ж.Б.Масэ. Працаваў у Турцыі, Галандыі, Вене, Лондане, Жэневе. У пастэлях, малюнках і мініяцюрах спалучаў дэталёва-ілюзорную дакладнасць выявы з імкненнем да перадачы характару мадэлі. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю ліній, тонкім пераліваннем святлаценю і суадносін тонаў: «Шакаладніца» (1743—45), «Турчанка з рабыняй», «Аўтапартрэт у турэцкім строі» (1744), «Граф Ф.Альгароці» (1745), «Граф Морыц Саксонскі» (каля 1748—52), «Мэры Ганінг, графіня Ковентры» (каля 1754), «Мадам д’Эпінэ» (1759) і інш. Аўтар «Трактата аб прынцыпах і правілах жывапісу» (1781).

В.Я.Буйвал.

Э.Ліятар. Шакаладніца 1743—45.

т. 9, с. 331

ЛІЯТРО́ПНЫЯ РАДЫ́,

рады іонаў, размешчаных у парадку ўзмацнення або аслаблення іх уплыву на ўласцівасці растваральніку, а таксама на скорасць і глыбіню хім. рэакцый і фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў ім.

Уплыў іонаў растворанага рэчыва на растваральнік наз. ліятропным дзеяннем іонаў. Вядомы Л.р. іонаў, састаўленыя, напр., па іх здольнасці адсарбіравацца з водных раствораў на адсарбентах, па ўплыве на растваральнасць і набуханне палімераў. Паслядоўнасць іонаў у Л.р. вызначаецца зарадам і памерам іонаў, іх здольнасцю звязваць малекулы растваральніку (гл. Сальватацыя) і мяняцца пры змене саставу растваральніку, канцэнтрацыі вадародных іонаў, т-ры.

т. 9, с. 331

ЛІЯФІЛІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю),

ліяфільная сушка, высушванне біял. матэрыялу ў замарожаным стане пад вакуумам. Вільгаць выдаляецца з замарожаных аб’ектаў шляхам сублімацыі лёду (пераўтварэння яго ў пару без вадкай фазы). Абязводжаны матэрыял лёгка раствараецца ў вадзе і аднаўляе свае ўласцівасці. Выкарыстоўваецца для захоўвання асн. якасцей біял. прэпаратаў (у электроннай мікраскапіі), атрымання сухой плазмы крыві, мікрабіял., харч. і хім. прамысловасці.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 331

ЛІЯФІ́ЛЬНАСЦЬ І ЛІЯФО́БНАСЦЬ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю, phobos страх),

характарыстыкі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння рэчыва і вадкага асяроддзя, у якім яно знаходзіцца. У выпадку ўзаемадзеяння рэчыва з вадой Л. і л. наз. гідрафільнасцю і гідрафобнасцю, у выпадку непалярных вадкасцей (алей, тлушч) — алеяфільнасцю (ліпафільнасцю) і алеяфобнасцю (ліпафобнасцю).

Ліяфільнасць паказвае наяўнасць значнага ўзаемадзеяння рэчыва, а таксама паверхні цвёрдага цела, асобных часцінак (гл. Дысперсныя сістэмы) з малекуламі асяроддзя, якое магчыма з-за блізкасці іх хім. прыроды ці абумоўлена ўтварэннем паміж імі трывалых вадародных, электрастатычных ці каардынацыйных сувязей. Ліяфобнасць — паняцце супрацьлеглае ліяфільнасці і паказвае на слабое ўзаемадзеянне паміж рэчывам і вадкім асяроддзем. Ліяфільнасцю абумоўлены змочванне вадкасцямі цвёрдых паверхняў, растварэнне рэчываў у вадкасцях, экстракцыя рэчываў вадкасцямі з цвёрдых цел і раствораў. Паняцці Л. і л. могуць быць аднесены таксама да малекул і асобных частак (груп) адной малекулы, напр., малекулы паверхнева-актыўных рэчываў утвораны гідрафільнымі палярнымі групамі і алеяфільнымі вуглевадароднымі ланцугамі. Л. і л. можна змяняць хім. мадыфікаваннем паверхні (напр., «прышчэпкай» да паверхні цвёрдага цела ліяфільных ці ліяфобных функцыян. груп, увядзеннем у сістэму паверхнева-актыўных рэчываў), што дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхняў і дысперсных сістэм. Рэгуляванне Л. і л. выкарыстоўваецца ў многіх галінах тэхнікі і хім. тэхналогіі.

С.М.Ляшчоў.

т. 9, с. 331

ЛІЯФО́БНАСЦЬ,

гл. ў арт. Ліяфільнасць і ліяфобнасць.

т. 9, с. 331