ЛІЯ́НЫ (франц. lianes ад lier звязваць),

група травяністых і дрэвавых раслін, якія не здольны самастойна захоўваць вертыкальнае становішча сцябла і выкарыстоўваюць у якасці апоры інш. расліны, скалы, пабудовы. Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны пераважна ў трапічных лясах. Л. ўзнімаюцца да святла, абвіваюць інш. расліны або падпоры, чапляюцца за іх вусікамі, кручкападобнымі валаскамі. Пераважна кветкавыя расліны. Адрозніваюць Л. лазячыя і павойныя. Да культ. Л. адносяцца вінаград, хмель, некат. віды бабовых (напр., гарох); дэкар. — розныя віды дзявочага вінаграду, павойніку, фасолі, некат. віды аспарагуса, сапр. язмін і інш.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)