Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́ПА (Tilia),

род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. драбналістая, або сэрцалістая (T. cordata), і каля 30 інтрадукаваных відаў і форм: Л. амерыканская (T. americana), лямцавая, або венгерская, ці серабрыстая (T. tomentosa), еўрапейская (T. europaea), крымская (T. euchlora) і інш. Расце ў шыракалістых, часам хвойна-лісцевых лясах, утварае ліпавыя лясы.

Лістападныя дрэвы з шырокай раскідзістай кронай выш. да 40 м. Жывуць 300—400 гадоў. Кара гладкая, на старых дрэвах патрэсканая. Лісце круглавата-яйцападобнае, чаранковае, зубчастае. Кветкі двухполыя, жаўтаватыя, духмяныя, у шчыткападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак, ядомы. Мяккая драўніна ідзе на выраб муз. інструментаў, фанеры, мэблі, тары. З лубу вырабляюць вяроўкі, рагожы. З насення атрымліваюць харч. алей (нагадвае міндальны або персікавы). Высушаныя кветкі (ліпавы цвет) патагонны і гарачкапаніжальны сродак. Ліпавы мёд (ліпіца) — адзін з лепшых. Лясныя, лесамеліярац., глебаахоўныя, глебапаляпшальныя, дэкар., лубяныя, меданосныя, перганосныя, лек. расліны.

т. 9, с. 271

ЛІ́ПА,

рака ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 577 км2. Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Вуглы Рагачоўскага р-на. Асн. прытокі: р. Гліна і р. Прудоўка (злева). Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1—3,5 км. Схілы адкрытыя, выш. 6—10 м. Пойма ў вярхоўі перарывістая, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. да 3 км. Рэчышча на 36 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 8—10 м. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,4 м³/с.

Ліпа.

т. 9, с. 271

ЛІПАБЛАСТО́МА,

дабраякасная пухліна, тое, што ліпома.

т. 9, с. 271

ЛІ́ПАВА,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Ліпава». За 45 км на ПнУ ад г. Калінкавічы, 122 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 790 ж., 309 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая Магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

т. 9, с. 271

ЛІ́ПАВЫЯ ЛЯСЫ́, ліпнякі,

фармацыя шыракалістых лясоў, у якіх пераважае ліпа. На Беларусі ўтвараюцца на месцы дуброў і ялова-шыракалістых лясоў. Займаюць багатыя, добра дрэніраваныя, гумусаваныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя глебы. Пл. 0,03%. Адрозніваюць 5 тыпаў Л.л.: кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы і чарнічны. Дрэвастоі складаюцца з некалькіх ярусаў. 1-ы ярус (акрамя ліпы): асіна, бяроза (павіслая і пушыстая), вольха чорная, граб, дуб, елка, клён, ясень; 2-і — вязавыя, елка, граб, клён. Падлесак добра развіты (крушына ломкая, ляшчына, парэчкі, рабіна, чаромха і інш.). Высокапрадукцыйныя, маюць ахоўнае, гідралагічнае і прамысл. значэнне, каштоўныя меданосныя плантацыі.

Ліпавыя лясы: 1 — вясной; 2 — восенню.

т. 9, с. 272

ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:

Лілею
     млявы
          плёс
              люляе,
З-пад злежалых
              аблок
                   здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
                  матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы, 
           абмялелы 
                       плёс.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 272

ЛІПА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз. Выяўлены ў чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у засваенні тлушчу, каталізуюць гідроліз складанаэфірных сувязей у трыгліцэрыдах з утварэннем тлушчавай к-ты і гліцэрыну. У млекакормячых знаходзяцца пераважна ў соку падстраўнікавай залозы, функцыянуюць у кішэчніку і страўніку. Уздзейнічаюць на тлушчы, эмульгаваныя солямі жоўцевых кіслот.

С.С. Ермакова.

т. 9, с. 272

ЛІПАМЕТРЫ́Я (грэч. lipometria ад liepō не хапаць + metron памер),замена склада паўзай у пачатку стопнага вершаванага радка. Робіць больш разнастайным рытмічна-інтанацыйны малюнак верша.

Па сялі́бах непрабу́дны
Згі́нуў со́н,
Прад вачы́ма шлях у со́нцы
Но́вых дзё́н.
(Я.Купала. «Здаецца ж, было гэта ўчора...»)

А.А.Майсейчык.

т. 9, с. 272

ЛІПА́НЫ, Ліпані (Lipany),

населены пункт у Чэхіі паблізу г. Чэскі-Брод. Тут 30.5.1434 аб’яднанае войска чэш. каталіцкай шляхты і чашнікаў (каля 20 тыс. чал.) разбіла войска табарытаў і іх саюзнікаў (10—12 тыс. чал.). У бітве загінула некалькі тысяч табарытаў, у т.л. народныя палкаводцы Пракоп Вялікі, Пракопек і інш. Бітву каля Л. лічаць канцом Гусіцкіх войнаў.

т. 9, с. 272

ЛІПАПРАТЭІ́ДЫ, ліпапратэіны,

комплексы бялкоў і ліпідаў. Надмалекулярныя ўтварэнні (ядро складаецца з малекул трыгліцэрыдаў і эфіраў халестэрыну, абалонка — з бялкоў, фосфаліпідаў і свабоднага халестэрыну), бялковыя кампаненты Л. прадстаўлены 9 індывід. бялкамі.

С.С. Ермакова.

т. 9, с. 273