Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІЛЕ́ЙНІК,

кветкавая расліна, тое, што красадзён.

т. 9, с. 258

ЛІЛЕО́ПСІДЫ, аднадольныя,

аднасемядольныя (Liliopsida),

клас кветкавых раслін, зародак якіх мае адну, у адрозненне ад двухдольных, семядолю. Каля 20 парадкаў, больш за 60 тыс. відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе, складаюць значную ч. травастою лугоў, стэпаў, саваннаў. На Беларусі 11 парадкаў: асакакветныя, ароннікакветныя, жабнікакветныя, касачакветныя, лілеякветныя, метлюжкакветныя, наядакветныя, рагозакветныя, сітакветныя, шальнікакветныя, ятрышнікакветныя; больш за 350 відаў. Гал. кампанент расліннага покрыва балот, лугоў і лясоў.

Пераважна травяністыя расліны. Дравяністыя Л. трапляюцца ў тропіках, радзей у субтропіках. У траў сцябло ў таўшчыню не расце. Лісце з паралельным або дугавым жылкаваннем, звычайна без чаранка і прылісткаў. Кветкі пераважна трохчленныя. Каранёвая сістэма валасніковістая, часта бывае змена падземных парасткаў (карэнішча, клубні, цыбуліны). Харч., кармавыя, тэхн., дэкар., лек. і прыпраўныя расліны.

Літ.:

Флора Европейской части СССР. Т. 1—2. Л., 1974—76;

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978.

т. 9, с. 258

ЛІЛЕ́Я (Lilium),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.

Да арт. Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.

т. 9, с. 258

ЛІЛЕЯКВЕ́ТНЫЯ (Liliales),

парадак аднадольных раслін. Каля 20 сям., больш за 6,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 сям. (лілейныя, спаржавыя, цыбулевыя), 14 родаў (бялюк, гусіная цыбуля, купена, ландыш, лілея, майнік, мудранка, пазнацвет, спаржа, тафільдыя, цыбуля, цюльпан, чамярыца, птушкамлечнік) і шмат інтрадукаваных відаў з родаў алоэ, амарыліс, белакветнік, гальтонія, гіяцынт, драцэна, красадзён, нарцыс, рабчык і інш. Лілея кучаравая (царскія кучары), мядзведжая цыбуля (чарамша), познацвет асенні, тафільдыя чашачкавая, цюльпан лясны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовыя травы з карэнішчам, цыбулінамі ці клубнецыбулінамі, радзей дрэвападобныя расліны, некат. ліяны. Лісце суцэльнае. Кветкі звычайна двухполыя, правільныя ў гронках, мяцёлках і інш. суквеццях. Плод — каробачка, часам — ягада. Лек., агароднінныя, інсектыцыдныя, меданосныя, тэхн., дэкар., пакаёвыя расліны; ёсць ядавітыя.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 6. Цветковые растения. М., 1982.

т. 9, с. 258

ЛІ́ЛІЕНТАЛЬ ((Lilienthal) Ота) (23.5.1848, г. Анклам, Германія — 10.8.1896),

нямецкі інжынер, адзін з піянераў авіяцыі. Канструяваў планёры, у 1891—96 выканаў на іх каля 2 тыс. палётаў. Даказаў залежнасць паміж пад’ёмнай сілай, лабавым супраціўленнем і вуглом атакі крыла (т.зв. паляра Ліліенталя). Растлумачыў прычыны лунання птушак. Загінуў у час палёту.

т. 9, с. 258

ЛІ́ЛІНА (сапр. Перавошчыкава) Марыя Пятроўна

(3.7.1866, Масква — 24.8.1943),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1933). Жонка К.С.Станіслаўскага. З 1898 працавала ў Маскоўскім Маст. т-ры. Мастацтву актрысы ўласцівы віртуознае сцэн. майстэрства і артыстычнасць. Сярод роляў: Маша, Соня, Наташа, Аня («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Ліза Бенш («Мікаэль Крамер» Г.​Гаўптмана), Эліна («Каля царскай брамы» К.​Гамсуна), Лябядкіна («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана «Д’яблы» Ф.​Дастаеўскага), Дар’я Іванаўна («Правінцыялка» І.​Тургенева), Карэніна («Жывы труп» Л.​Талстога).

Літ.:

М.П Лилина: [Сб. материалов]. М., 1960.

т. 9, с. 259

ЛІЛІПУ́Т, карлік,

чалавек вельмі маленькага росту. Тэрмін запазычаны з рамана Дж.​Свіфта «Падарожжа Гулівера» (1726), у якім апісана фантастычная краіна, населеная маленькімі людзьмі. Гл. Карлікавы рост.

т. 9, с. 259

ЛІЛО́НГВЕ (Lilongwe),

горад, сталіца Малаві, на р. Лілонгве. Адм. ц. Цэнтральнай правінцыі. Засн. ў 1902. 395,5 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр раёна вырошчвання тытуню і тытунёвай прам-сці.

т. 9, с. 259

ЛІЛЬ (Lille),

горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Нор. Вядомы з 11 ст. 178 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Дзёль (бас. Шэльды). Міжнар. аэрапорт. Цэнтр Паўн. індустр. раёна Францыі. Прам-сць: тэкст., цяжкае машынабудаванне, хім., харчовая. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў, рэліг. мастацтва, фальклору і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 13—18 ст.: гатычныя капэлы і капліцы, цэрквы, ваенны шпіталь, жылыя дамы.

т. 9, с. 259