ЛІЛЕ́Я

(Lilium),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.

Да арт. Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)