ЛІТВІНЕ́НКА-ВО́ЛЬГЕМУТ (Марыя Іванаўна) (13.2.1892, Кіеў — 3.4.1966),

украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1936). Скончыла Кіеўскае муз. вучылішча (1912). З 1912 у т-рах Расіі (Петраград), Украіны. У 1935—53 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. У 1920-я г. ўдзельнічала ў стварэнні ўкр. опернага т-ра. Выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1944 праф.). Валодала моцным чыстым голасам прыгожага тэмбру, высокаразвітай вак. тэхнікай. Сярод партый: Насця, Наталка і Цярпіліха («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Аксана, Адарка («Запарожац за Дунаем» С.​Гулака-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.​Верыкоўскага), Варвара («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Купава і Снягурачка («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Ліза, Марыя («Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Галька («Галька» С.​Манюшкі). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Швачко Т.​М.​Литвиненко-Вольгемут. Киев, 1986.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)