ЛІТВІНО́ЎСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.5.1962, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987, клас Дз.Смольскага). З 1987 рэдактар муз. вяшчання Бел. тэлерадыёкампаніі. Для яго творчасці характэрны цікавасць да бел. тэматыкі, жанравая вынаходлівасць, полістылістыка. Сярод твораў: містэрыя «Францыск» для баса і аркестра (1990; тэкст прадмоў і каментарыяў Ф.Скарыны да «Бібліі»), Грыгарыянская меса (Missa ordinarium, 1994), кантаты «Вяселле» (1987) і «Зборная суботка» (1988) на нар. словы, «Да Маці Божай» (1996), «Stabat Mater» (1997), «Песні на Божае нараджэнне» (1998); сімфонія (1986), сімф. фрэска «Крэва» (1987), «Concertino barocco» для стр. аркестра (1988), п’есы «Zbieg» для флейты, габоя, віяланчэлі і фп., «Wir» для 4 валторнаў, «Пастараль» i «U1» для стр. квінтэта, сюіта «Intavolatura» для гітары; «Filix» для флейты і гітары; цыклы рамансаў на вершы Я.Купалы, А.Пушкіна, С.Ясеніна і інш.; электронныя кампазіцыі; апрацоўкі зборніка інстр. музыкі 17 ст. «Віленскія табулатуры» (1991).

Р.М.Аладава.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)