Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСПІРЫ́Н,

тое, што ацэтылсаліцылавая кіслата.

т. 2, с. 42

АСПІТАЛЕ́Т

(Hospitalet),

Аспіталет дэ Льёбрэгат, горад у Іспаніі, у аўт. вобласці Каталонія, у даліне р. Льёбрэгат; прамысл. прыгарад Барселоны. 273 тыс. ж. (1991). Машынабудаванне (эл.-тэхн. вытв-сць, аўтамаб. абсталяванне), тэкст., хім. Прамысловасць.

т. 2, с. 42

А́СПЛУНД (Asplund) Эрык Гунар

(22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. Матэрыялаў.

т. 2, с. 42

АСРАЦЯ́Н Эзрас Асратавіч

(31.5.1903, с. Мецык, Турцыя — 24.4.1981),

савецкі фізіёлаг. Чл.-кар. АН СССР (1939), акад. АН Арм. ССР (1947). Скончыў Ерэванскі ун-т (1930). З 1930 у навук. установах мед. профілю. У 1950—52 і з 1960 дырэктар Ін-та вышэйшай нерв. дзейнасці і нейрафізіялогіі АН СССР. Навук. працы па вышэйшай нерв. дзейнасці. Прапанаваў процішокавую вадкасць (1942). Развіў эвалюцыйную тэорыю пластычнасці нерв. сістэмы, стварыў канцэпцыю аб дынамічнай спецыялізацыі і лакалізацыі функцый у кары галаўнога мозга, вызначыў ролю двухбаковых умоўных сувязяў для элементарных умоўных рэфлексаў і складаных паводзінскіх актаў.

Тв.:

Очерки по физиологии условных рефлексов. М., 1970.

Літ.:

Эзрас Асратович Асратян: [Биобиблиография] / Сост. Г.Н.Финашина, М., 1967.

т. 2, с. 42

АСТА́ДЭ

(van Ostade),

галандскія жывапісцы. Браты. Адрыян ван Астадэ (хрышчаны 10.12.1610, г. Харлем, Нідэрланды — 2.5.1685), майстар быт. жанру. Вучыўся, відаць, у Ф.Халса. Спачатку ствараў грубавата-гратэскавыя сцэны гулянак і боек у духу А.Браўэра («Бойка», 1637). Пазней пад уплывам Рэмбранта пісаў у мяккай, карычнявата-залацістай танальнасці, выкарыстоўваючы эфекты святлаценяў. Творы гэтага перыяду са сцэнамі сял. жыцця («Школьны настаўнік», 1662; «У вясковай карчме», 1660) адметныя дабрадушным гумарам і рысамі сузіральнасці. Ісаак ван Астадэ (хрышчаны 2.7.1621, г. Харлем — 16.10.1649). Вучань свайго брата. Пісаў вясковыя пейзажы, вытрыманыя ў сярэбраным каларыце, які тонка перадае асаблівасці асвятлення, уключаў жанравыя сцэны («Зіма», 1640; «Замерзлае возера», 1642).

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 42

АСТА́Н

(перс. вобласць, правінцыя),

адм.-тэр. адзінка ў Іране з 1937. На чале Астана стаіць астандар (ген.-губернатар), які падначальваецца міністру ўнутр. спраў. Астан падзяляецца на некалькі шахрастанаў (раёнаў).

т. 2, с. 43

А́СТАН (Aston) Фрэнсіс Уільям

(1.9.1877, г. Харбарн, Вялікабрытанія — 20.11.1945),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1921), замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Скончыў Бірмінгемскі ун-т (1898). Выкладаў у Бірмінгемскім і Кембрыджскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, радыехіміі. Сканструяваў першы масспектрометр і з яго дапамогай адкрыў 213 устойлівых ізатопаў хім. элементаў, вызначыў іх адносную пашыранасць. У 1925 стварыў новы мас-спектрометр, на якім дакладна вызначыў масу і выявіў дэфект масаў шэрагу ізатопаў; упершыню пабудаваў крывую ўпаковачных каэфіцыентаў, што характарызуе энергію сувязі атамных ядраў. Нобелеўская прэмія 1922.

т. 2, с. 43

Астана

т. 18, кн. 1, с. 337

АСТА́НГАЎ (сапр. Ружнікаў) Міхаіл Фёдаравіч

(3.11.1900, Варшава — 20.4.1965),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920. Працаваў у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі (1925—27 і 1930—41), з 1945 у т-ры імя Я.Вахтангава. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя філас. глыбіня, псіхал. тонкасць, эмацыянальнасць. З лепшых роляў: Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Маціяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра). З 1933 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1951.

т. 2, с. 43

АСТА́НІН Аляксандр Несцеравіч

(н. 23.3.1938, г. Шапятоўка Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. і польскі вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання і вылічальнай тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1982), праф. (1984). Скончыў Мінскае Вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча (1961). З 1973 у БПІ, з 1989 заг. кафедры ў Беластоцкім політэхн. ін-це (Польшча). Навук. працы па мадэліраванні, ідэнтыфікацыі, адаптыўным кіраванні складанымі дынамічнымі аб’ектамі.

Тв.:

Микро-ЭВМ в динамических системах. Мн., 1982 (разам з Р.І.Фурунжыевым і Г.І.Залужным);

Управление колебаниями многоопорных машин. М., 1984 (разам з Р.І.Фурунжыевым).

т. 2, с. 43