АСТА́ДЭ
(van Ostade),
галандскія жывапісцы. Браты. Адрыян ван Астадэ (хрышчаны 10.12.1610, г. Харлем, Нідэрланды — 2.5.1685), майстар быт. жанру. Вучыўся, відаць, у Ф.Халса. Спачатку ствараў грубавата-гратэскавыя сцэны гулянак і боек у духу А.Браўэра («Бойка», 1637). Пазней пад уплывам Рэмбранта пісаў у мяккай, карычнявата-залацістай танальнасці, выкарыстоўваючы эфекты святлаценяў. Творы гэтага перыяду са сцэнамі сял. жыцця («Школьны настаўнік», 1662; «У вясковай карчме», 1660) адметныя дабрадушным гумарам і рысамі сузіральнасці. Ісаак ван Астадэ (хрышчаны 2.7.1621, г. Харлем — 16.10.1649). Вучань свайго брата. Пісаў вясковыя пейзажы, вытрыманыя ў сярэбраным каларыце, які тонка перадае асаблівасці асвятлення, уключаў жанравыя сцэны («Зіма», 1640; «Замерзлае возера», 1642).
Я.Ф.Шунейка.
т. 2, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)