Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБ’ЯДНА́ЎЧЫ З’ЕЗД КАМПА́РТЫЙ БЕЛАРУ́СІ, ЛІТВЫ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ,

гл. Другі з’езд КП(б)Б.

т. 1, с. 57

АБЯЗБО́ЛЬВАННЕ,

штучнае адключэнне ўспрымання болю пры хірург. аперацыях, інш. лячэбных і дыягнастычных працэдурах, траўмах і некаторых захворваннях. Пастаяннае абязбольванне практыкуецца пры нясцерпных працяглых болях, пакутах (напр., у анкалагічнай практыцы). Часовае абязбольванне з’яўляецца звычайнай працэдурай у лячэбнай, асабліва хірург., практыцы; ажыццяўляецца без парушэння свядомасці (мясцовае абязбольванне, або мясцовая анестэзія), а таксама з яе парушэннем (агульнае абязбольванне, або наркоз). Сродкі і метады абязбольвання розныя, прадугледжваюць выкарыстанне хім. (наркотыкі і інш. анестэзіруючыя прэпараты), фіз. (электраток, холад) і нейрапсіхічных (штучная блакада або хірург. адключэнне пэўных участкаў нерв. Сістэмы, гіпнатычнае ўздзеянне) фактараў. Ад правільнасці іх выбару залежыць зыход цяжкіх хірург. аперацый (памылкі ў выбары могуць прывесці да пасляаперацыйнага шоку). Вывучэннем праблем абязбольвання займаецца анестэзіялогія.

І.І.Канус.

т. 1, с. 57

«АБ ДВАНА́ЦЦАЦІ ПАКУТАХ»,

бел. апрацоўка 15—16 ст. апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах».

т. 1, с. 9

АВАГА́ДРА (Avogadro) Амедэо

(9.8.1776, г. Турын — 9.7.1856),

італьянскі фізік і хімік. Атрымаў юрыд. адукацыю, самастойна вывучаў хімію, фізіку і матэматыку. Чл.-кар. (1804), ардынарны акад. (1819) АН у Турыне. У 1820—22 і 1834—50 праф. фізікі Турынскага ун-та. Прапанаваў гіпотэзу (1811), паводле якой малекулы газаў складаюцца з аднаго або некалькіх атамаў (гэтая думка выказана на 70 гадоў раней М.В.Ламаносавым). Сфармуляваў адзін з асн. законаў ідэальных газаў (гл. Авагадра закон), прапанаваў метад вызначэння атамных і малекулярных масаў. Імем Авагадра наз. Авагадра пастаянная.

Літ.:

Быков Г.В. Амедео Авогадро. М., 1970.

А.Авагадра.

т. 1, с. 57

АВАГА́ДРА ЗАКО́Н,

адзін з асноўных законаў малекулярнай фізікі, паводле якога ў роўных аб’ёмах ідэальных газаў пры аднолькавых т-ры і ціску змяшчаецца аднолькавая колькасць малекул. Адкрыты А.Авагадра ў 1811. З Авагадра закона вынікае, што пры аднолькавых т-ры і ціску 1 моль кожнага ідэальнага газу займае аднолькавы аб’ём. роўны пры нармальных умовах 22,4∙10​-3 м³, ці 22,4 л, а шчыльнасці газаў прама прапарцыянальныя іх малекулярным масам.

т. 1, с. 57

АВАГА́ДРА ПАСТАЯ́ННАЯ,

адна з асноўных фіз. пастаянных; колькасць часціц (атамаў, малекул і інш.) у адзінцы колькасці рэчыва. Пазначаецца Na. Назва ў гонар А.Авагадра. Авагадра пастаянная істотная для вызначэння інш. фіз. пастаянных. Na = 6,022169 (40)∙10​23 моль​-1.

т. 1, с. 57

АВАДА́НА

(санскр., літар. апавяданне),

апавяданні пра рэліг. і маральна-этычныя подзвігі будыйскіх прапаведнікаў; жанр л-ры будызму ў Індыі. Паводле традыц. уяўленняў, авадана расказваліся Будай. Найб. цікавыя з іх «Збор ста авадан» («Аваданашатака») і «Божая авадана» («Дзіўявадана»).

т. 1, с. 57

«АВАДЗЕ́НЬ»,

часопіс гумару і сатыры. Выдаваўся ў Вільні ў 1924—25 на бел. мове раз у 2 тыдні. У 1929 зроблена спроба аднавіць выданне (выйшлі 2 нумары: апошні, 13-ы, у лют. 1933). Рэдактар-выдавец А.Васілеўскі. У «Авадні» пераважаў бытавы гумар. З ростам нац.-вызв. руху закранаў і надзённыя пытанні грамадскага жыцця Зах. Беларусі, адлюстроўваў барацьбу працоўных супраць праяў сац. і нац. прыгнёту. Друкаваў гумарэскі, фельетоны, гумарыстычных і сатыр. замалёўкі Васілеўскага, Г.Леўчыка, У.Паўлюкоўскага, І.Маразовіча (Я.Маланка), В.Гаротнага і інш. З «Авадня» выйшлі заснавальнікі сатыр. час. «Маланка».

Вокладка часопіса «Авадзень». 1925.

т. 1, с. 57

АВАДНІ́,

насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.

Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.

Авадні: 1 — авечы; 2 — бычыны; 3 — кручок.

т. 1, с. 57

АВАДО́Н,

у іудаісцкай міфалогіі ўвасабленне ямы-магілы і прадоння апраметнай, якая паглынае, хавае і бясследна знішчае; вобраз, блізкі да анёла смерці. У хрысц. міфалогіі Авадон вядзе супраць чалавецтва ў канцы свету караючую раць жахлівай «саранчы».

т. 1, с. 58