АВАДНІ́,
насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.
Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.
т. 1, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)