Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСАЦЫЯТЫ́ЎНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, у якім фіксуюцца семантычныя сувязі паміж словамі (з указаннем іх частаты), выяўленыя ў выніку прамога псіхалінгвістычнага апытання носьбітаў мовы (інфармантаў).

Інфармантам даецца слова-стымул і прапануецца адказаць на яго першым словам-рэакцыяй (свабодны асацыятыўны эксперымент) альбо сінанімічнымі, антанімічнымі, тэматычна звязанымі і інш. словамі-рэакцыямі (накіраваны асацыятыўны эксперымент). Вынікі такіх эксперыментаў афармляюцца ў выглядзе розных тыпаў асацыятыўных слоўнікаў. Прамы асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-стымулаў і ўсіх выяўленых на іх слоў-рэакцый ці толькі тых, што сустрэліся ў адказах 10 і больш інфармантаў, т.зв. ўстойлівыя асацыяцыі. Адваротны асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-рэакцый і ўсіх слоў-стымулаў, што выклікалі іх, ці толькі тых, якія з’яўляюцца ўстойлівай асацыяцыяй. Слоўнік асацыятыўных нормаў сумяшчае рысы прамога і адваротнага асацыятыўных слоўнікаў. Асацыятыўны тэзаўрус на падставе выяўленых сувязяў паміж словамі пэўнай мовы групуе іх у семантычныя палі, вызначае ўзаемаадносіны паміж імі і гэтак далей

На Беларусі выдадзены толькі прамы «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.І.Цітовай (1981).

В.К.Шчэрбін.

т. 2, с. 22

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ у псіхалогіі, сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.

Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл. Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.

У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.

Літ.:

Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;

Яго ж. Краткий курс истории психологии. М., 1995;

Общая психология. 2 изд. М., 1986.

Т.У.Васілец.

т. 2, с. 22

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ прадпрыемстваў, добраахвотнае аб’яднанне самастойных прадпрыемстваў дзеля сумеснага ажыццяўлення некаторых функцый гасп. дзейнасці і сац. развіцця на аснове аб’яднання сваіх сродкаў. Членамі асацыяцыі могуць быць прадпрыемствы розных формаў уласнасці. Яны захоўваюць гасп. самастойнасць, права юрыд. асобы і не мяняюць формы ўласнасці. Для кіравання асацыяцыяй ствараюцца выканаўчыя органы і апарат. Звычайна асацыяцыя не з’яўляецца вышэйстаячым органам да прадпрыемстваў-членаў, а выконвае тыя функцыі і паўнамоцтвы, якія ёй перадаюць гэтыя прадпрыемствы.

т. 2, с. 22

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ў хіміі, аб’яднанне ў растворах аднолькавых ці блізкіх па прыродзе малекул або іонаў у групы (асацыяты) міжмалекулярнымі сіламі ўзаемадзеяння. Уплывае на фіз.-хім. ўласцівасці раствораў. Асацыяцыя малекул вады абумоўлівае захаванне ў вадзе фрагментаў структуры лёду і вызначае некат. яе анамальныя ўласцівасці (высокую т-ру кіпення, залежнасць шчыльнасці ад т-ры і інш.). У растворах электралітаў існуюць асацыяты з соцень і тысяч іонаў, вынікам гэтага з’яўляецца іх анамальная электраправоднасць.

т. 2, с. 22

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ ВНУ у Петраградзе, грамадская культ.-асв. арг-цыя ў 1923—25. Засн. па ініцыятыве Бел. асацыяцыі пры Петраградскім с.-г. ін-це для вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры і рэв. руху Беларусі. Падтрымлівала сувязі з бел. вучоным А.Сержпутоўскім. Значны ўплыў на актыў асацыяцыі меў дзеяч бел. рэв. руху З.Жылуновіч. Рэарганізавана ў Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 22

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ДЗЯРЖА́Ў ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЙ А́ЗІІ

(Association of South Asian Nations; АСЕАН),

рэгіянальная палітычна-эканамічная арг-цыя. Засн. ў 1967. Удзельнікі: Інданезія, Малайзія, Сінгапур, Тайланд, Філіпіны, Бруней (з 1984). Мэта: эканам., сац., культ. і паліт. супрацоўніцтва. Вышэйшы орган — нарада міністраў замежных спраў, дзейнічае пастаянны сакратарыят у Джакарце (Інданезія).

т. 2, с. 22

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ МАСТАКО́Ў РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ РАСІ́І

(АМРР),

творчае аб’яднанне сав. мастакоў у 1922—32 (з 1928 наз. Асацыяцыя мастакоў рэвалюцыі). Мастакі асацыяцыі (І.Бродскі, А.Герасімаў, М.Грэкаў, Б.Іагансон, Г.Ражскі і інш.) выступілі за стварэнне тэматычных карцін, якія б праўдзіва адлюстроўвалі рэчаіснасць на аснове традыцый рус. Рэаліст. жывапісу. Падобныя арг-цыі мастакоў існавалі і ў інш. рэспубліках, у тым ліку на Беларусі — аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (арганізатары

А.Арлоў, П.Гаўрыленка, А.Глебаў і інш).

Літ.:

Золотой век художественных объединений в России и СССР: (1820—1932): Справ. Спб., 1992.

т. 2, с. 22

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НО́ВЫХ АРХІТЭ́КТАРАЎ

(АСНОВА),

аб’яднанне рус. архітэктараў і мастакоў у 1923—30. Засн. ў Маскве выкладчыкамі Вхутэмаса, якія прапанавалі ідэю стварэння архітэктуры на базе сінтэзу пластычных мастацтваў (уключэнне ў архітэктуру рэв. эмблематыкі і лозунгаў, выкананых сродкамі скульптуры, жывапісу і дэкар. мастацтва). Увайшла ў Маскоўскае аддз. Усесаюзнага арх. навук. Т-ва.

т. 2, с. 22

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАСЛІ́ННАЯ,

асноўная адзінка класіфікацыі раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў). Характарызуюцца аднароднымі структурай і відавым складам, сезоннасцю развіцця, прадукцыйнасцю расліннай масы, узаемаадносінамі паміж раслінамі і паміж імі і асяроддзем. Залежыць ад умоў асяроддзя — біятычных фактараў, клімату, глебы. Называюць асацыяцыі раслінныя па раслінах, якія пераважаюць у згуртаванні або вызначаюць яго асаблівасці. Асацыяцыі раслінныя (напр., дубняк ляшчынава-кіслічны) аб’ядноўваюць у фармацыі раслінныя. Класіфікацыя асацыяцый раслінных выкарыстоўваецца пры даследаваннях расліннага покрыва, складанні геабат. картаў, распрацоўцы гасп. мерапрыемстваў для павышэння прадукцыйнасці лугоў, лясоў, балотаў.

т. 2, с. 22

АСАШЫЭ́ЙТЭД ПРЭС

(Associated Press; АП),

адно з самых вялікіх інфарм. агенцтваў у ЗША, кааператыўнае аб’яднанне газетных выдаўцоў. Засн. ў 1848 у Нью-Йорку. Мае 143 філіялы ў ЗША і 86 у інш. краінах; інфармацыю Асашыэйтэд прэс на 6 мовах прымаюць 110 дзяржаў (1993).

т. 2, с. 22