АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ў хіміі, аб’яднанне ў растворах аднолькавых ці блізкіх па прыродзе малекул або іонаў у групы (асацыяты) міжмалекулярнымі сіламі ўзаемадзеяння. Уплывае на фіз.-хім. ўласцівасці раствораў. Асацыяцыя малекул вады абумоўлівае захаванне ў вадзе фрагментаў структуры лёду і вызначае некат. яе анамальныя ўласцівасці (высокую т-ру кіпення, залежнасць шчыльнасці ад т-ры і інш.). У растворах электралітаў існуюць асацыяты з соцень і тысяч іонаў, вынікам гэтага з’яўляецца іх анамальная электраправоднасць.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)