Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСА́МЦЫ

(саманазва ахамія, асамія),

народ, асн. насельніцтва штата Асам (Індыя). Каля 13 млн. чал. (1987). Гавораць на асамскай мове. Паводле рэлігіі індуісты.

т. 2, с. 20

АСАНАЛІ́ЕЎ Джумаш

(10.5.1923, с. Атуз-Уул Ак-Суйскага р-на Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан — 25.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Наводчык кулямёта яфрэйтар Асаналіеў 24.6.1944 адзін з першых пераправіўся цераз Зах. Дзвіну каля в. Лабейкі Сіроцінскага р-на (цяпер у Шумілінскім раёне); калі загінуў разлік кулямёта, адзін адбіваў атакі ворага; акружаны фашыстамі, апошняй гранатай падарваў іх і загінуў сам.

т. 2, с. 20

АСАНА́НС

(ад франц. assonance сугучнасць),

паўтарэнне аднолькавых або падобных галосных гукаў; від гукапісу. Паэт. твору, як і алітэрацыя, з якой ён звычайна спалучаецца, надае мілагучнасць і сэнсава-эмац. выразнасць. У вершы Я.Купалы «Летам» асананс стварае радасны, бадзёры настрой: «Звоніць поле доляй, воляй, // Звоніць поле ў каласкі...». У сучаснай паэзіі часта ўжываецца асанансная (недакладная) рыфма, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.

т. 2, с. 20

АСАНСО́Л,

горад у Індыі, у штаце Зах. Бенгалія. 262 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. цэнтр у індустр. раёне Чхота-Нагпур (машынабудаванне). Каля Асансола — здабыча вугалю; чорная металургія, выплаўка алюмінію.

т. 2, с. 20

АСА́НЬЯ (Azana) Мануэль

(10.1.1880, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 4.11.1940),

іспанскі дзярж. і паліт. дзеяч, пісьменнік. Заснаваў партыю Рэсп. дзеяння (1930). Ваенны міністр (1931), кіраўнік урада (1931—33). Лідэр Леварэсп. партыі (з 1934), адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1935). Пасля перамогі Нар. фронту (1936) лідэр яго правага крыла, кіраўнік урада, з мая 1936 да 1.3.1939 — прэзідэнт рэспублікі. Пасля перамогі франкістаў у 1939 эмігрыраваў у Францыю. Аўтар літ. эсэ, аповесцяў.

т. 2, с. 20

АСАРГІ́Н (сапр. Ільін) Міхаіл Андрэевіч

(19.9.1878, г. Перм, Расія — 27.11.1942),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказаны нар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супраць рус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).

Тв.:

Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.

П.П.Вашко.

т. 2, с. 21

АСАРТЫМЕ́НТ

(франц. assortiment),

аднародная прадукцыя (паслугі) па відах, гатунках, марках. Адрозніваюць асартымент групавы, відавы і ўнутрывідавы, ці разгорнуты. Групавы асартымент — пералік узбуйненых таварных груп, на якія падзяляецца ўся наменклатура тавараў нар. спажывання, што рэалізуюцца ў рознічным гандлі (напр., мяса і мясапрадукты, кандытарскія вырабы, тканіны, швейныя вырабы і гэтак далей). Відавы асартымент — падзел групавога асартыменту на віды (напр., групы тканін — на баваўняныя, шарсцяныя, шаўковыя, ільняныя і інш.). Унутрывідавы, ці разгорнуты, асартымент — разнавіднасць унутры асобнага віду тавараў (паводле мадэлі, колеру, фасону і інш. прыкмет).

т. 2, с. 21

АСАРХАДО́Н

(асір. Ашурахіддзін),

цар Асірыі ў 680—669 да нашай эры. Уступіў на трон у выніку перамогі ў грамадз. вайне. Аднавіў разбураны яго бацькам Сінахерыбам г. Вавілон, вярнуў шэрагу гарадоў прывілеі, увёў падаткі на карысць храмаў, вёў войны ў Аравіі, Фінікіі і Егіпце. Пасля заваявання г. Мемфіс прыняў егіп. царскія тытулы. У 673—672 да нашай эры рабіў паходы ў Шубрыю (на граніцы з Урарту).

т. 2, с. 21

А́САРЫС (Asaris) Гунар Канстанцінавіч

(н. 23.6.1934, Рыга),

латвійскі архітэктар. Скончыў Рыжскі політэхн. Ін-т (1959). Асн. работы: эксперым. цэх Рыжскага шклозавода (1959), індывід. жылыя дамы ў Рызе і Юрмале (1959—69), мемар. ансамбль Памяці ахвяраў фаш. тэрору ў Саласпілсе (1963—67, у сааўт.; Ленінская прэмія 1970), помнік у Рызе пісьменніку А.М.Упіту (1982).

т. 2, с. 21

АСАРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Брагінскім раёне Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПдУ ад Брагіна, 168 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Ёлча. 462 ж., 199 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі гарадзішча і бескурганны могільнік мілаградскай і зарубінецкай культур.

т. 2, с. 21