АСАРГІ́Н
(сапр. Ільін) Міхаіл Андрэевіч (19.9.1878, г. Перм, Расія — 27.11.1942),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказаны нар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супраць рус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).
Тв.:
Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.
П.П.Вашко.
т. 2, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)