Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЧАЛАВЕ́КА, заразныя хваробы,

хваробы, якія выклікаюцца пэўнымі відамі патагенных бактэрый, вірусаў, хламідый, спірахет, рыкетсій, грыбоў, прыёнаў. Асн. агульная рыса І.х. — заразлівасць, здольнасць пашырацца пры кантактах арганізма з хворымі, бактэрыяносьбітамі, жывёламі, навакольным асяроддзем. Класіфікуюцца на антрапанозы («хваробы ад людзей»), заанозы («ад жывёл»), сапранозы («ад навакольнага асяроддзя»). Заражэнне на І.х. (механізм перадачы) залежыць ад лакалізацыі ўзбуджальнікаў; бывае паветрана-кропельным (узбуджальнік у органах дыхання), фекальна-аральным (у кішэчніку), трансмісіўным (у крыві), кантактным (на паверхні цела). Вылучаюць перыяды І.х.: скрыты, ці інкубацыйны (да першых сімптомаў), прадрамальны (неакрэсленая агульная рэакцыя), разгар захворвання, згасанне клінічных сімптомаў, папраўка. Пасля І.х. найчасцей застаецца імунітэт ад некалькіх месяцаў да многіх гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 293

ІНФЕ́КЦЫЯ (ад позналац. infectio заражэнне),

працэс узаемадзеяння макра- і мікраарганізма. Дыяпазон праўлення І. — ад бессімптомнай формы да цяжкіх форм інфекцыйнай хваробы. Успрымальнасць арганізма жывёлы ці чалавека да патагеннага мікраарганізма залежыць ад відавой і індывід. неўспрымальнасці, наяўнасці інфекц. ці прышчэпачнага імунітэту. І. наз. таксама ўзбуджальнікаў хваробы (мікробы, вірусы, прасцейшыя і інш.), пранікненне ў арганізм (заражэнне), лакалізацыю ў пэўным органе (напр., кішачная палачка) і інш.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 293

І́НФЕЛЬД ((Infeld) Леапольд) (20.8.1898, г. Кракаў, Польшча — 15.1.1968),

польскі фізік, адзін з заснавальнікаў польскай школы тэарэт. фізікі. Чл. Польскай АН і АН інш. краін. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1921). З 1930 у Львоўскім ун-це, з 1933 у Кембрыджы (Вялікабрытанія). У 1936—38 у Прынстанскім ін-це перспектыўных даследаванняў у А.​Эйнштэйна, з 1939 у Таронцкім ун-це (ЗША) (Канада)*. З 1950 у Варшаўскім ун-це, адначасова з 1951 дырэктар Ін-та тэарэт. фізікі. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці, нелінейнай электрадынаміцы, квантавай механіцы. Даў інтэрпрэтацыю неазначальнасцей суадносін, вывеў хвалевае ўраўненне электрона (з галандскім матэматыкам Б.​Л.​Ван-Дэр Вардэнам), з Эйнштэйнам і Б.​Гофманам вывеў ураўненні руху сістэмы цел у гравітацыйным полі ў прыбліжэнні больш высокім за ньютанаўскае. Аўтар публіцыстычных твораў, маст. біяграфій вучоных.

Тв.:

Рус. пер. — Движение и релятивизм. М., 1962 (разам з Е.​Плябанскім);

Эварист Галуа — избранник богов. М., 1965;

Эволюция физики. 4 изд. М., 1966 (разам з А.​Эйнштэйнам).

т. 7, с. 293

ІНФІЛЬТРА́Т,

зацвярдзенне ў тканках (падскурнай клятчатцы, мышцах) ці органе (лёгкіх, печані) з прычыны назапашвання клетачных элементаў, крыві, лімфы і хім. рэчываў. Найчасцей бываюць запаленчыя і пухлінныя І. Запаленчыя могуць разыходзіцца, расплаўляцца, склеразавацца, з утварэннем каверны, абсцэсу, рубца і інш. Пухлінныя складаюцца з пухлінных клетак рознай прыроды (рак, саркома) і праяўляюцца іх ростам. Пры І. тканка павялічваецца ў аб’ёме, мяняе колер, становіцца цвёрдай, іншы раз балючай. І. наз. таксама зацвярдзенне тканак пры насычэнні іх растворамі для мясц. абязбольвання.

т. 7, с. 293

ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),

прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.

т. 7, с. 294

ІНФІНІТЫ́Ў (ад лац. infinitivus няпэўны),

неазначальная форма дзеяслова, пачатковая форма дзеяслова, якая называе дзеянне безадносна да асобы, часу і спосабу. Паводле паходжання ў слав. мовах — давальны склон аддзеяслоўных назоўнікаў. Мае трыванне і стан («рабіць—зрабіць—зрабіцца»), У бел. мове І. складаецца з дзеяслоўнай асновы і суфіксаў «-ць», «-ці», «-чы» («чытаць», «несці», «секчы»). У сказе выступае самастойна (як дзейнік, просты выказнік ці асн. ч. састаўнога выказніка, дапаўненне, азначэнне, акалічнасць) і ў складзе аналіт. форм часу дзеяслова («буду ісці»).

Літ.:

Гл. пры арт. Дзеяслоў.

т. 7, с. 294

ІНФЛЮЭ́НЦА (італьян. influenza ад лац. influo пранікаю, распаўсюджваюся),

гл. Грып.

т. 7, с. 294

ІНФЛЯ́НТЫ,

гл. Лівонія.

т. 7, с. 294

ІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inflatio уздуцце),

працэс абясцэнення грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, зніжэнне іх пакупной здольнасці; наяўнасць у сферы абарачэння лішку грошай, не забяспечаных ростам таварнай масы. Адбываецца ў выніку празмернай эмісіі грошай, празмернага попыту на розныя тавары (І. попыту), апярэджванне росту зарплаты і цэн на рэсурсы (І. выдаткаў), нізкага курса нац. валюты, дэфіцыту бюджэту і інш. Прыводзіць да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, пагаршае жыццёвыя ўмовы служачых, пенсіянераў і інш. катэгорый грамадзян, чые даходы фарміруюцца з бюджэту, абясцэньвае зберажэнні; у вытворцаў знікае зацікаўленасць у стварэнні якасных тавараў і г.д. Калі І. складае каля 2—3% за год, яе лічаць «мяккай», яна не патрабуе прыняцця значных мер. Высокія тэмпы яе росту сведчаць пра гіперінфляцыю і крызіс у эканоміцы. Так, у Рэспубліцы Беларусь цэны ў 1994 выраслі ў 23,2 раза, у 1995 — у 8,1 раза. І., балючая для крэдытораў, можа быць спрыяльнай для бізнесу, бо прыносіць прадаўцу дадатковы прыбытак: за час паміж заказам тавараў і іх фактычным продажам цэны вырастаюць. Нейтралізаваць І. можна рэгуляваннем цэн і аплаты працы, аздараўленнем фін. сістэмы, стрымліваннем крэдытнай экспансіі, узмацненнем жорсткасці эмісіі грошай, індэксацыяй даходаў, удасканаленнем гасп. механізму і інш. Адзін з паказчыкаў І. — індэкс цэн.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 294

ІНФРАГУ́К (ад лац. infra ніжэй, пад + гук),

пругкія ваганні нізкай частаты (менш за 20 Гц), нячутныя чалавечым вухам. Слаба паглынаецца рознымі асяроддзямі, распаўсюджваецца на значныя адлегласці. Генерыруецца атм. і акіянічнымі флуктуацыямі ціску, ветрам, марскімі хвалямі (у т. л. прыліўнымі), вадаспадамі, землетрасеннямі, абваламі, вывяржэннем вулканаў, выбухамі, работай і ваганнямі рухавікоў, машын, канструкцый, збудаванняў. Выкарыстоўваецца пры акіяналагічных і геафіз. даследаваннях, у гідраакустыцы і інш. Моцны І. выклікае пашкоджанне і разбурэнне канструкцый, а І. значнай інтэнсіўнасці (120 дБ і болей) шкодна ўплывае на арганізм чалавека (асабліва небяспечныя для асобных органаў інфрагукавыя вібрацыі з-за магчымых рэзанансных з’яў).

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 294