АРТРАСПО́РЫ,
дыяспоры вегетатыўнага размнажэння грыбоў, тое, што аідыі.
т. 1, с. 506
АРТРО́З
(ад грэч. arthron сустаў + ...оз),
хранічная дыстрафічна-дэгенератыўная хвароба суставаў чалавека. Абумоўлена парушэннем жыўлення эпіфізарных канцоў касцей. Прычыны ўзнікнення артрозу — хваробы абмену рэчываў, інтаксікацыі, інфекцыі, траўмы, трафанеўрозы. Прыкметы: боль, хруст, абмежаваная гнуткасць, дэфармацыя, змены ў сучлененых паверхнях суставаў. Лячэнне медыкаментознае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.
т. 1, с. 506
АРТРЫ́Т
(ад грэч. arthron сустаў + ...іт),
зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.
т. 1, с. 506
АРТУА́
(Artois),
гістарычная вобласць на Пн Францыі, асн. частка дэпартамента Па-дэ-Кале. Пл. каля 4 тыс. км². Нас. 1 млн. чал. (1982). З 2-й пал. 9 ст. да 1180 тэр. Артуа належала Фландрыі; у сярэднія вякі частка аўстр. і ісп. Нідэрландаў. Адышла да Францыі ў 1659. Гал. горад — Арас.
т. 1, с. 507
АРТУКІ́,
вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пд ад Рэчыцы, 77 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Рэчыца. 2007 ж., 789 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
т. 1, с. 507
АРТЫ́ГАС (Artigas) Хасе Хервасіо
(19.6.1764, Мантэвідэо — 23.9.1850),
уругвайскі ваенны і паліт. дзеяч, нац. герой Уругвая. Служыў у ісп. калан. войсках. У 1811—14 узначальваў нар. паўстанне Усх. берага (сучасны Уругвай) супраць ісп. панавання. Выступаў за незалежнасць Уругвая, супраць далучэння яго да Аргенціны. У 1816—20 вёў барацьбу супраць браз. агрэсіі. У 1820 пацярпеў паражэнне ад партуг.-браз. войскаў і інтэрніраваны ў Парагваі.
т. 1, с. 507
АРТЫ́КЛЬ
(франц. article),
службовае слова, якое выкарыстоўваецца ў германскіх, раманскіх і інш. мовах як адзнака назоўніка. Выконвае розныя функцыі: вызначае катэгорыю пэўнасці (у англ. the, the city) і няпэўнасці (у англ. а; а village), катэгорыі роду (у ням. м.р. der, ж. р. die, н. р. das), ліку [у франц. адз. л. le, la (un, une) — мн. les, (des)], склону (у ням. у назоўнікаў мужчынскага роду Н.скл. der, Р.скл. des, Д.скл. dem, М.скл. den). Бываюць прэпазіцыйныя (перад словамі, да якіх адносяцца; у герм. і раманскіх мовах) і постпазіцыйныя (пасля гэтых слоў; у некаторых слав. мовах).
т. 1, с. 507
АРТЫКО́Н (ад грэч. orthos прамы + eikōn выява),, перадавальная тэлевізійная трубка з назапашваннем зараду і счытваннем відарыса павольнымі (каэфіцыент другаснай эмісіі < 1) электронамі. Распрацаваны амер. інжынерамі А.Розам і Х.Ямсам (1939). Прыкладна ў 20 разоў больш адчувальны за іканаскоп; характарыстыка «святло—сігнал» лінейная ва ўсім дыяпазоне ўстойлівай работы. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійных перадавальных камерах. Гл. таксама Суперартыкон.
т. 1, с. 507
АРТЫ́КУЛ
(ад лац. articulus артыкул, раздзел),
1) невялікі (бывае і значны памерам) навуковы, публіцыстычны або літ.-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе.
2) У праве — асобная самаст. частка нарматыўнага акта, у якой найчасцей змешчана адна юрыд. норма, адно абавязковае правіла. На Беларусі падзел нарматыўных актаў на паасобныя артыкулы практыкаваўся са старажытнасці, але тэрмін «артыкул» стаў ужывацца ва «Уставе на валокі» 1557, а потым і ў Статутах 1566 і 1588. З часам і асобныя законы пачалі называць артыкуламі.
3) У бухгалтарскім уліку і фін. планах — раздзел, які змяшчае назвы крыніц прыбытку і мэтавага прызначэння фінансавых затрат.
т. 1, с. 507
АРТЫ́КУЛЫ ВАЙСКО́ВЫЯ
(гетманскія),
вайсковыя законы, пастановы і распараджэнні, якія дзейнічалі ў ВКЛ у 16—18 ст. Зацвярджаліся соймам або асабіста гетманамі. Былі першымі дысцыплінарнымі і баявымі статутамі арміі, а таксама зборнікамі вайскова-крымінальнага права. У артыкулах і інш. юрыд. актах пра вайск. службу вызначаўся парадак камплектавання, размяшчэння, забеспячэння і падпарадкавання арміі. Першая спроба кадыфікаваць нормы вайск. права Беларусі зроблена пры складанні Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. У 1754 у Нясвіжы зроблена першае сістэматызаванае выданне актаў па вайск. праве Беларусі.
т. 1, с. 507