АРТРЫ́Т
(ад грэч. arthron сустаў + ...іт),
зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.
т. 1, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)