Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУПЧЫ́НАЎ (Іван Іосіфавіч) (30.10.1909, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 5.10.1988),

бел. геадэзіст. Д-р тэхн. н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. і тэхнікі Беларусі (1968). Скончыў БСГА (1931). У 1954—82 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (Гомель). Навук. працы па інж. геадэзіі, ураўнаважванні геад. сетак, праграміраванні ўраўняльных вылічэнняў для ЭВМ.

т. 9, с. 39

КУПЭ́ (франц. coupeé ад couper адразаць),

1) аддзяленне для 2—4 пасажыраў у чыг. вагоне, якое закрываецца дзвярыма.

2) Кузаў легкавога аўтамабіля з адным або двума радамі сядзенняў і дзвюма дзверцамі.

т. 9, с. 39

КУПЮ́РА (франц. coupure ад couper рэзаць, адразаць),

1) скарачэнне або пропуск асобных частак тэксту пры яго публікацыі. К. называецца таксама апушчаная частка тэксту (у тэксце пазначаецца адпунктоўкай). К. робяць, як правіла, складальнікі ці рэдактары публікацыі з мэтай пазбегнуць паўтораў інш. дакументаў, змешчаных у выданні, або выключэння частак, якія не маюць адносін да тэмы, задач і мэт выдання ці немэтазгодныя з-за канцэптуальных і метадалагічных установак.

2) Абазначэнне вартасці (намінальнай вартасці) папяровых грошай, банкнотаў, каштоўных папер — акцый ці аблігацый, а таксама самі гэтыя грошы, банкноты, каштоўныя паперы або аблігацыі.

Ю.У.Несцяровіч.

т. 9, с. 39

КУПЯ́ЦІЦКІ УВЯДЗЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1628—1817 у в. Купяцічы (цяпер Пінскі р-н). Засн. Апалоніяй Войнай (з Валовічаў) як правасл. мужчынскі манастыр пры старадаўняй царкве Уводзін Багародзіцы ў храм. Гал. яго святыняй быў абраз Маці Божай у выглядзе меднага крыжа-энкалпіёна, знойдзенага, паводле царк. легенды, у 1182 пры дзівосных абставінах. У сярэдзіне 17 ст. абраз перанесены ў Сафійскі сабор у Кіеве. Першыя манахі прыйшлі ў Купяцічы ў 1629 з Віленскага Святадухаўскага манастыра. У 1630-я г. ў манастыры жыў бел. рэліг. дзеяч і пісьменнік Афанасій Брэсцкі, які ў сваіх творах усхваляў купяціцкі абраз як гал. правасл. святыню Рэчы Паспалітай. У 1743 манастыр стаў уніяцкім і неўзабаве далучаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. У 1817 зачынены. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся.

А.А.Ярашэвіч.

т. 9, с. 40

КУРА́,

рака ў Турцыі, Грузіі і Азербайджане. Даўж. 1364 км, пл. басейна 188 тыс. км². Пачынаецца на Армянскім нагор’і ў Турцыі, да г. Тбілісі цячэ пераважна ў цяснінах, месцамі — у міжгорных катлавінах, ніжэй рэчышча падзяляецца на рукавы, даліна пашыраецца. Вышэй г. Мінгечаур у вузкай цясніне перасякае скалістую граду Баздаг, ніжняе цячэнне па Кура-Араксінскай нізіне, моцна меандрыруе, берагі нізкія, абвалаваныя. Упадае ў Каспійскае м., утварае дэльту (пл. 100 км²). Гал. прыток — Аракс. Сярэдні гадавы расход вады каля в. Хулур 270 м³/с. Сцёк наносаў да 21 млн. т за год. Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады па канале перадаецца для абваднення р. Аракс. У дэльце рыбалоўства (сяўруга, бялуга, асетр, судак і інш.). Суднаходная ў ніжнім цячэнні. Зема-Аўчальская, Мінгечаурская і інш. ГЭС. На К. — гарады Горы, Тбілісі, Руставі (Грузія), Мінгечаур, Сабірабад (Азербайджан).

Рака Кура.

т. 9, с. 40

КУРАВА́Й, астрагал (Astragalus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, пераважна ў засушлівых абласцях. На Беларусі 4 віды К.: дацкі (A. danicus), нутавы (A. cicer), пясчаны (A. arenarius), саладкалісты (A. glycyphyllos, нар. назвы паўзун лесавы, пельзач лясны, гарох воўчы, слічны ясь) і 7 інтрадукаваных. Трапляецца ў хваёвых лясах, на пясчанай глебе, у поймах рэк.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы, паўкусты, невял. кусты. Лісце няпарна- ці парнаперыстае, часам з калючкай на канцы чаранка. Кветкі няправільныя, у пазушных гронках або галоўках. Плод — струк. Кармавыя, лек. і дэкар. расліны.

Куравай.

т. 9, с. 40

КУ́РАВІЧЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нежлеўка, за 20 км на ПдЗ ад г. Полацк, на паўд.-ўсх. ускраіне г.п. Ветрына. Пл. 0,26 км², даўж 850 м, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 3 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м (на З да 3 м), пераважна пад хмызняком.

т. 9, с. 40

КУРАГА́,

плады абрыкоса, высушаныя на сонцы ў выглядзе палавінак без костачак. Часам плады спачатку акурваюць сярністым ангідрыдам. Мае ў сабе вільгаці да 22%, цукру 50—60%, арган. кіслот 1,4—3,4%, вітаміну C — каля 7 мг%, караціну — каля 6,3 мг%. Колер — ад светла-жоўтага да цёмна-аранжавага. Выкарыстоўваецца непасрэдна ў ежу, у кампотнай сумесі з сушаных фруктаў і ў кандытарскіх вырабах.

т. 9, с. 40

КУРА́ЕЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 11.12.1937, г. Саратаў, Расія),

бел. вучоны ў галіне фіз. электронікі і матэм. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1980), праф. (1982). Скончыў Саратаўскі ун-т (1960).

З 1981 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі і аптымізацыі нелінейных працэсаў узаемадзеяння магутных электронных патокаў з эл.-магн. палямі нерэгулярных электрадынамічных сістэм, метадах рашэння задач аптымальнага кіравання.

Тв.:

Теория и оптимизация электронных приборов СВЧ. Мн., 1979;

Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 40

КУРА́Й,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Салянка.

т. 9, с. 41