Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́ННЕНСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1995, адкрыты ў 1996 у г. Сянно Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 247 м², 1 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў зуб маманта, крамянёвыя і каменныя прылады працы (2-е тыс. да Н.Э.), фрагменты паліванай керамікі 16—17 ст., калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі, прадметы сял. побыту, ганчарны посуд, вырабы ткацтва, вышыванкі канца 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра дзейнасць падполля і партыз. рух на Сенненшчыне ў Вял. Айч. вайну. У экспазіцыі творы землякоў мастака У.​Гоманава і скульптара З.​Азгура. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

В.​В.​Бандарэвіч.

т. 14, с. 330

СЕ́ННЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да пач. 1923. Утвораны 22.7.1773 у складзе Аршанскай правінцыі, з 22.3.1777 Магілёўскай губ. Цэнтр.г. Сянно. У 1795 у С.п. перададзена частка тэрыторыі, далучанай у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай, з мяст. Лукомль і Чарэя. 12.12.1796 павет уключаны ў Беларускую губ. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1795. Пл. С.п. 3,3 тыс. км². У 1861 далучана частка скасаванага Копыскага пав., пасля чаго пл. стала 4,9 тыс км². Тэр. С.п. была падзелена на 15 валасцей. У 1864 нас. павета 85,5 тыс. чал. У 1881 у С.п. (без г. Сянно) было 67 прадпрыемстваў, на якіх працавала 198 чал. У 1883 у 2 школах і 17 нар. вучылішчах навучалася 637 вучняў; былі 4 бальніцы на 72 ложкі, 2 аптэкі. На 1889 у павеце 786 паселішчаў, у 1897 161,7 тыс. чал., з іх у Сянне 4,1 тыс. З 26.4.1919 С.п. у складзе Віцебскай губ. 15.2. 1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Аршанскі, Бачэйкаўскі і Віцебскі паветы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 330

СЕ́ННЕНСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2 тыс. км². Нас. 33,4 тыс. чал. (2001), гарадскога 37,4%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Сянно. Уключае г.п. Багушэўск, 334 сельскія населеныя пункты, Багушэўскі пасялковы Савет, 12 сельсаветаў: Алексініцкі, Багданаўскі, Багушэўскі, Беліцкі, Какоўчынскі, Машканскі, Нямойтаўскі, Обальскі, Расненскі, Студзёнкаўскі, Ульянавіцкі, Ходцаўскі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Чашніцкай раўніны, на ПдАршанскага ўзвышша, на крайнім У — Лучоскай нізіны. Паверхня ў паўд. ч. ўзгорыста-платопадобная, астатняя раўнінная, з асобнымі ўчасткамі камаў і озаў, 80% яе знаходзіцца на выш. 150—200 м, найвыш. пункт 255 м (на Пд раёна). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Абалянка, Серакаратнянка (прытокі Лучосы) і Бярозка з Крывінкай. Найб. азёры Сянно, Бярозаўскае, Серакаротня, Кічына, Багданаўскае, Ліпна, Вял. Святое, Сосна, Ходцы. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (57,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 33% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэраальховыя, чорнаальховыя, асінавыя; трапляюцца дубовыя, ясянёвыя, кляновыя. Каля 10% штучныя хваёвыя і яловыя насаджэнні. Адметныя лясныя масівы: Цёмная пушча, Абалянская лясная дача, Канеўская дача, Сенненская пушча, Казённік, Купаваць, Іванькаўская пушча, Бор, Барок. Балоты займаюць 8% тэрыторыі, найб. масівы: Мох-Ніжняя Крывіна, Хабоціна-Бярозка, Капланскі Мох, Замашанскі Мох, Рудзецкае. На тэр. раёна ахоўныя тарфянікі: Зады, Мацькова, Расненскі Мох, Роў, Чысты Мох, Чысцік і Чысцік 1-ы. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валуны «Клін» каля в. Арляны, «Пярун» каля в. Расходна, «Чортаў камень» каля в. Забор’е і «Чортаў камень» («Кравец») каля в. Вароніна; дуб і елка «Партызанскія» ў Скрыдлеўскім лясніцтве. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Каплічка і Пясчанка ў г. Сянно.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 73,5 тыс. га, з іх асушаных 27,5 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 21 калгас, 3 рэспубліканскія і 5 камунальных с.-г. прадпрыемстваў, 27 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (спірт, сухое абястлушчанае малако, масла сметанковае), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), дрэваапр. (мэбля), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі) прам-сці, вытв-сць кармавых дабавак (кармавы лізін), лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша — Віцебск, Орша — Лепель; аўтадарогі Віцебск — Орша, Орша — Лепель, Віцебск — Талачын; нафтаправод «Дружба». У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, у т. л. 2 школы-інтэрнаты і школа-садок, 12 пачатковых, у т. л. 2 шкалы-садкі, 1 спарт., 1 муз. школы, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, цэнтры дзіцячай творчасці і пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 29 клубаў і 12 дамоў культуры, Дом рамёстваў, 45 б-к, 7 бальніц, 2 паліклінікі, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў, дзіцячы санаторый. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (канец 1840-х г.) каля в. Паграбёнка на аўтамагістралі Кіеў — С.-Пецярбург; сядзіба з пейзажным паркам, сажалкай і гасп. зонай (2-я пал. 19 ст.) у в. Старая Беліца, дзе ў 1903—04 жыў і працаваў Я.​Купала. Выдаецца газ. «Голас Сенненшчыны».

Р.​Р.​Паўлавец, С.​В.​Шайко.

т. 14, с. 330

СЕ́ННІЦЫ (Coenonympha),

род матылёў сям. аксамітніц, або сатыраў, ці вочак атр. лускакрылых. Каля 200 відаў. Пашыраны на ўзлесках, балотах, лугах. На Беларусі 6 відаў: арканія, або сатыр белапалосы (C. arcania), С. звычайная, або памфіл (C. pamphilus), іфіда (C. iphis, або glycerion), С. тулія (C. tullia), С. Гера (C. hero) і С. Эдып (C. oedippus); С. Гера і С. Эдып занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў 24—40 мм. Асн. тон афарбоўкі буры, карычневы. Спод крылаў з метал. бліскучай палоскай уздоўж краю. Вусікі з плаўна патоўшчанай булавой. Пярэднія ногі недаразвітыя. За год 1(3) пакаленне. Вусені кормяцца ў асн. дзікарослымі злакамі і асокамі. Зімуюць вусені.

С.​Л.​Максімава.

Сенніцы: 1 — Гера; 2 — Эдып.

т. 14, с. 330

СЕНПО́ЛІЯ, узумбарская фіялка (Saintpaulia),

род кветкавых раслін сям. геснерыевых. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў горных трапічных лясах Усх. Афрыкі. У Еўропе ўведзены ў культуру ў 19 ст. Існуе некалькі тысяч сартоў і гібрыдаў. На Беларусі вырошчваюць як пакаёвую расліну. Найб. папулярныя — мініяцюрныя і ампельныя формы з махровымі кветкамі.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см. Сцёблы ўкарочаныя, часам сцелістыя. Апушанае лісце чаранковае, акруглае, гафрыраванае або хвалістае па краях. Кветкі адзіночныя ці ў рыхлых гронках, ад белага, ружовага, блакітнага да цёмна-сіняга і пурпуровага колераў; простыя, махрыстыя, паўмахровыя, махровыя, зоркападобныя, гафрыраваныя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

Літ.:

Михеев В.А. Сенполии. М., 1993.

Сарты сенполіі.

т. 14, с. 331

СЕ́НСАРНЫ ПЕРАКЛЮЧА́ЛЬНІК,

бескантактны пераключальнік, які спрацоўвае пры датыканні аператара да спец. адчувальнай (сенсарнай; ад лац. sensus адчуванне) пляцоўкі. Вырабляецца на аснове паўправадніковых, оптаэлектронных і інш. прылад.

Найб. просты С.п. электраметрычнага тыпу, прынцып дзеяння якога грунтуецца на здольнасці скуры чалавека праводзіць эл. ток. Сенсарная пляцоўка пераключальніка мае 2 ізаляваныя адна ад адной палавінкі; пасля датыкання аператарам да гэтай пляцоўкі ланцуг замыкаецца і атрыманы эл. сігнал пасля ўзмацнення перадаецца на блок пераключэння. Выкарыстоўваецца ў прыладах уводу інфармацыі, радыёэлектроннай і інш. апаратуры.

т. 14, с. 332

СЕНСА́ЦЫЯ (франц. sensation ад лац. sensus пачуццё, адчуванне),

падзея, паведамленне, якія выклікаюць моцнае ўражанне.

т. 14, с. 332

СЕНСІБІЛІЗА́ТАР у фатаграфіі,

рэчыва, уведзенае ў фатаграфічную эмульсію для яе сенсібілізацыі. Пры гэтым фотаматэрыялы набываюць дадатковую адчувальнасць да той вобласці аптычнага спектра, дзе паглынае сам С.

Галагенасярэбраныя фатаграфічныя матэрыялы маюць натуральную адчувальнасць да сіне-фіялетавай вобласці аптычнага выпрамянення. З дапамогай С. ім надаюць адчувальнасць да доўгахвалевых абласцей (зялёнай, чырвонай і інфрачырвонай) ці павышаюць іх адчувальнасць у сіне-фіялетавай вобласці. Для сенсібілізацыі фотаслаёў у шырокай вобласці спектра выкарыстоўваюцца сумесі розных С.

т. 14, с. 332

СЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. sensibilisation ад лац. sensibilis адчувальны) у медыцыне, набыццё арганізмам спецыфічнай павышанай адчувальнасці да алергенаў. Ляжыць у аснове шэрагу алергічных захворванняў. Адрозніваюць актыўную С. (увядзенне або пападанне алергенаў у арганізм) і пасіўную (увядзенне ў здаровы арганізм сывараткі крыві або лімфацытаў ад актыўна сенсібілізаванага донара). С. могуць выклікаць адзін або некалькі алергенаў.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 332

СЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ фатаграфічная,

увядзенне ў фатаграфічную эмульсію спец. дамешак (сенсібілізатараў) для павелічэння агульнай святлоадчувальнасці і пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці фотаматэрыялу. Бывае аптычная і хімічная.

Аптычная С. ажыццяўляецца дамешваннем у фотаэмульсію рэчыва, здольнага перадаць галагенідам серабра паглынутую энергію святла (непасрэдна не ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыі). Павышае святлоадчувальнасць матэрыялаў у вобласці паглынання сенсібілізатара. Хімічная С. грунтуецца на адсарбцыйных працэсах у месцах парушэння крышталічнай рашоткі галагеніду серабра і хім. узаемадзеянняў святлоадчувальнага рэчыва з уведзенымі дамешкамі. Павышае агульную святлоадчувальнасць фатагр. эмульсій без пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці.

т. 14, с. 332