СЕНПО́ЛІЯ, узумбарская фіялка (Saintpaulia),

род кветкавых раслін сям. геснерыевых. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў горных трапічных лясах Усх. Афрыкі. У Еўропе ўведзены ў культуру ў 19 ст. Існуе некалькі тысяч сартоў і гібрыдаў. На Беларусі вырошчваюць як пакаёвую расліну. Найб. папулярныя — мініяцюрныя і ампельныя формы з махровымі кветкамі.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см. Сцёблы ўкарочаныя, часам сцелістыя. Апушанае лісце чаранковае, акруглае, гафрыраванае або хвалістае па краях. Кветкі адзіночныя ці ў рыхлых гронках, ад белага, ружовага, блакітнага да цёмна-сіняга і пурпуровага колераў; простыя, махрыстыя, паўмахровыя, махровыя, зоркападобныя, гафрыраваныя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

Літ.:

Михеев В.А. Сенполии. М., 1993.

Сарты сенполіі.

т. 14, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)