СЕ́ННІЦЫ (Coenonympha),

род матылёў сям. аксамітніц, або сатыраў, ці вочак атр. лускакрылых. Каля 200 відаў. Пашыраны на ўзлесках, балотах, лугах. На Беларусі 6 відаў: арканія, або сатыр белапалосы (C. arcania), С. звычайная, або памфіл (C. pamphilus), іфіда (C. iphis, або glycerion), С. тулія (C. tullia), С. Гера (C. hero) і С. Эдып (C. oedippus); С. Гера і С. Эдып занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў 24—40 мм. Асн. тон афарбоўкі буры, карычневы. Спод крылаў з метал. бліскучай палоскай уздоўж краю. Вусікі з плаўна патоўшчанай булавой. Пярэднія ногі недаразвітыя. За год 1(3) пакаленне. Вусені кормяцца ў асн. дзікарослымі злакамі і асокамі. Зімуюць вусені.

С.​Л.​Максімава.

Сенніцы: 1 — Гера; 2 — Эдып.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)