СЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ фатаграфічная,

увядзенне ў фатаграфічную эмульсію спец. дамешак (сенсібілізатараў) для павелічэння агульнай святлоадчувальнасці і пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці фотаматэрыялу. Бывае аптычная і хімічная.

Аптычная С. ажыццяўляецца дамешваннем у фотаэмульсію рэчыва, здольнага перадаць галагенідам серабра паглынутую энергію святла (непасрэдна не ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыі). Павышае святлоадчувальнасць матэрыялаў у вобласці паглынання сенсібілізатара. Хімічная С. грунтуецца на адсарбцыйных працэсах у месцах парушэння крышталічнай рашоткі галагеніду серабра і хім. узаемадзеянняў святлоадчувальнага рэчыва з уведзенымі дамешкамі. Павышае агульную святлоадчувальнасць фатагр. эмульсій без пашырэння вобласці спектральнай адчувальнасці.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)