ПАСІБІЛІ́СТЫ,
палітычная плынь у франц. рабочым руху ў 1880-я г. — пач. 20 ст. Адстойвалі ідэі «муніцыпальнага сацыялізму» (перадача органам мясц. самакіравання гар. транспарту, электрастанцый, газазабеспячэння, школ, бальніц і інш.). Першапачаткова складалі рэфармісцкае крыло Рабочай партыі (засн. ў 1879) на чале з П.Брусам; прытрымліваліся «палітыкі магчымасцей» («La politique des possibilités», адсюль назва П.). У 1882 пасля расколу Рабочай партыі П. атрымалі назву Рабочая партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1883 — Федэрацыя франц. працоўных-сацыялістаў. У 1880-я г. зрабілі спробу ўзначаліць міжнар. рабочы рух, але не былі падтрыманы. У пач. 20 ст. ўвайшлі ў склад Франц. сацыяліст. партыі.
т. 12, с. 161
ПАСІВЕ́ННЕ,
змена афарбоўкі валасоў у серабрыста-белы колер ад змяншэння колькасці пігменту. Працэс, як правіла, неабарачальны. У пажылым узросце — нармальная фізіял. з’ява, заўчаснае паталаг. П. развіваецца з 20 гадоў. Выклікаецца захворваннямі эндакрыннай і нерв. сістэм, гіпавітамінозам, цяжкімі інфекцыямі, нерв. ўзрушэннямі, ператамленнем; вял. значэнне маюць спадчынныя фактары. Часовае П. ўзнікае пасля некат. хвароб (напр., рожы), прыёму лекаў. У гэтых выпадках афарбоўка валасоў звычайна аднаўляецца.
т. 12, с. 161
ПАСІВІ́РАВАННЕ, пасівацыя металаў,
пераход паверхні металаў у пасіўны стан, які прыводзіць да рэзкага запавольвання карозіі; сукупнасць хім. і электрахім. метадаў апрацоўкі паверхні металаў (метал. вырабаў) для надання ім каразійнай устойлівасці.
Абумоўлена ўтварэннем тонкіх ахоўных плёнак цяжкарастваральных злучэнняў, пераважна аксідаў. Самаадвольнае П. металаў (напр., алюмінію, тытану) выклікана іх акісленнем у паветры. У тэхніцы (штучнае П.) ажыццяўляецца апрацоўкай металаў спец. рэчывамі — пасіватарамі, пераважна акісляльнікамі (напр., храматамі, нітратамі). Гл. таксама Аксідаванне.
т. 12, с. 161
ПАСІЁНЫ (італьян. passione ад лац. passio пакута),
страсці, рэлігійнае дзейства, заснаванае на евангельскіх тэкстах пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Як асобная літургічная цырымонія П. выкарыстоўваліся хрысц. царквой з 4 ст. У каталіцкім набажэнстве суправаджалася ўрачыстым спяваннем паводле спец. выпрацаваных для гэтай мэты рэчытатыўных формул (тонаў). Адбывалася ў час мес Вербнай нядзелі, серады, чацвярга і пятніцы перадвелікоднага тыдня. Першапачаткова П. рэчытаваліся салістам (дыяканам), з 13 ст. ёсць звесткі пра драматызаванае, падзеленае на ролі (апавядальнік, Хрыстос, хор іудзеяў і інш.) выкананне. З 15 ст. распаўсюдзіліся рэспансарыяльныя (манадыйныя эпізоды чаргаваліся з поліфанічнымі) і матэтныя (увесь тэкст быў апрацаваны поліфанічна) П. У 17 ст. ўзнік новы тып П. — аратарыяльны, у якім біблейскі тэкст дапаўняўся вершамі і гімнамі, а муз. трактоўка (эмацыянальны рэчытатыў саліста замест традыц. псалмодыі, арыі, вак. ансамблі, інстр. эпізоды) адпавядала барочнай стылістыцы (А.Скарлаці). Росквіт П. звязаны з пратэстанцкай традыцыяй («Страсці па Іаану», 1724, «Страсці па Матфею», 1729, І.С.Баха). П. ў правасл. набажэнстве («Страсці Хрыстовы») фіксуюцца ў слав. рукапісах з 12 ст. Яны выконваліся ў час ютрані Вял. пятніцы і ўключалі 12 урыўкаў з Евангелляў, вял. колькасць спеваў (антыфонаў, трапароў, стыхір і г.д.).
Літ.:
Друскин М. Пассионы и мессы И.С.Баха. Л., 1976.
Т.У.Ліхач.
т. 12, с. 161
ПА́СІКАЎ (Уладзімір Маркавіч) (10.8.1922, в. Мікольск Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.1.1984),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Каўказскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір аддзялення ўзвода разведкі сяржант П. вызначыўся ў баях на тэр. Румыніі і Польшчы: 31.5.1944 выявіў агнявыя кропкі праціўніка каля г. Ясы; 21.8.1944 закідаў гранатамі ў варожым тыле будынак з гітлераўцамі; 31.1.1945 у баі за г. Хмяльнік падняў у атаку байцоў і першы ўварваўся ў варожыя траншэі, захапіў палонных.
т. 12, с. 161
ПАСІ́Ў (ад лац. passivus нядзейны),
1) сукупнасць даўгоў і абавязацельстваў прадпрыемства (у процілегласць актыву).
2) Частка бухгалтарскага балансу (звычайна правы бок), дзе абазначаюцца крыніцы ўтварэння сродкаў прадпрыемства, яго фінансавання, згрупаваныя па прыналежнасці і мэтавым прызначэнні (уласныя рэзервы, пазыкі інш. устаноў).
т. 12, с. 162
ПАСІ́ЎНАЕ ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
права асобы выбірацца ў выбарныя дзярж. органы і органы мясц. самакіравання; права быць зарэгістраваным у якасці кандыдата, праводзіць перадвыбарчую прапаганду і агітацыю, карыстацца ўсімі інш. правамі. У многіх дзяржавах валоданне П.в.п. абумоўлена рознымі павышанымі (у параўнанні з актыўным выбарчым правам) выбарчымі цэнзамі: узроставым, аселасці, адукац., службовым. Маёмасныя цэнзы для ажыццяўлення П.в.п. (пры выбарах у агульнанац. прадстаўнічыя органы) устаноўлены ў Канадзе, Аргенціне, Бельгіі, Коста-Рыцы і інш. Найчасцей абмежаванні датычаць павышанага ўзроставага цэнзу. На выбарах у верхнія палаты парламентаў гэты цэнз асабліва высокі, напр., у ЗША, Японіі, Індыі П.в.п. валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 30 гадоў (у ніжнюю — 25 гадоў), у Італіі адпаведна 40 і 25 гадоў. На Беларусі членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражываў на тэр. адпаведнай вобласці, г. Мінска не менш як 5 гадоў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата) можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года.
т. 12, с. 162
ПАСІ́ЎНАЯ ЛЕ́КСІКА,
частка слоўнікавага складу мовы, якая мала ўжываецца ў жывым штодзённым маўленні, але зразумелая ўсім, хто валодае гэтай мовай. Проціпастаўляецца актыўнай лексіцы. Уключае ўстарэлыя словы (гістарызмы і архаізмы), што выйшлі або выходзяць з ужытку, і неалагізмы, якімі толькі пачынаюць карыстацца. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з Пл. ў актыўную і наадварот. Ад Пл. мовы неабходна адрозніваць П.л. асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі, сац. асяроддзя і інш. Кожнай гіст. эпосе характэрна свая актыўная і П.л.
М.Р.Прыгодзіч.
т. 12, с. 162
ПАСІ́ЎНАЯ РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ назіранне (лакацыя) аб’екта па яго ўласным выпрамяненні. Характэрная асаблівасць — скрытнасць работы з-за адсутнасці сігналаў зандзіравання, што перашкаджае выяўленню пасіўных радыёлакацыйных станцый. Адрозніваюць П.р. аб’ектаў з штучным (напр., радыёперадатчыкаў) і натуральным (цеплавым) выпрамяненнем. Выкарыстоўваецца для атрымання радыёлакацыйных карт мясцовасці ў навігацыйных мэтах, выяўлення і вызначэння каардынат паветрана-касм. аб’ектаў і інш.
т. 12, с. 162
ПАСІ́ЎНЫЯ РАХУ́НКІ,
асноўныя рахункі бухгалтарскага ўліку, якія адлюстроўваюць крыніцы ўтварэння гасп. сродкаў і іх мэтавае прызначэнне.
т. 12, с. 162