Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУРАСА́ВА Акіра

(23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),

японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц. яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш. Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).

Г.В.Ратнікаў.

т. 9, с. 42

КУРА́СІКІ,

горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю, у прэфектуры Акаяма. 417 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел каля ўзбярэжжа Унутр. Японскага м. Прам-сць: тэкст., нафтаперапр., хім., авіяц., аўтамаб., металургічная, электрамаш.-буд., паліграфічная. Вытв-сць мед. абсталявання. Арх. помнік: забудова 16—18 ст. у стылі курасікі. Музеі. Турызм.

т. 9, с. 43

КУРАСІ́О, Японскае цячэнне,

цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак., каля паўд. і ўсх. берагоў Японіі, працяг Паўн. Пасатнага цячэння. Паўд. ч. шыр. каля 170 км, глыб. пранікнення да 700 м. Т-ра вады на паверхні ад 12 да 28°C. Скорасць ад 0,9 да 2,9 км/гадз. Перанос вады каля Японіі 40—50 млн. м3/с, на Пд да 20—30 млн. м3/с. Утварае ў паўн. ч. Ціхага ак. сістэму цёплых цячэнняў. Каля 36° паўн. ш. і 150° усх. д. пераходзіць у Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне. Галіны К. пранікаюць у паўн. напрамку (вышэй за 40° паўн. ш.), сустракаюцца з халодным Курыльскім цячэннем і ўтвараюць шматлікія кругавароты. На У яго працягам з’яўляецца цёплае Аляскінскае цячэнне. Аказвае вялікі ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Ціхага ак.

т. 9, с. 43

КУРАСЛЕ́П, анемона (Anemone),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 3 віды К.: дуброўны (A. nemorosa, нар. назва белыя пералескі), казяльцовы (A. ranunculoides, нар. назва казарост жоўты), лясны (A. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзгорках, схілах яроў і берагах рэк. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны як дэкар. расліны К.. японскі (A. japonica) з буйнымі бела-ружовымі кветкамі, К карончаты (A. coronaria) з белымі, ружовымі, простымі ці махрыстымі кветкамі, К. канадскі (A. canadensis) з бела-крэмавымі кветкамі.

Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя, травяністыя расліны, зрэдку паўкусты. Лісце прыкаранёвае, доўгачаранковае, пальчатарассечанае або раздзельнае. Кветкі адзіночныя, правільныя на кветаносных сцёблах з 3 кальчакова размешчанымі лісткамі. Калякветнік просты, венчыкападобны з 5—20 лісцікамі. Тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Меданосныя, лек., дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя.

Кураслеп.

т. 9, с. 43

КУРАТО́ЎСКІ (Kuratowski) Казімеж

(2.2.1896, Варшава — 18.6.1980),

польскі матэматык. Чл. Польскай АН (1952). Замежны чл. АН СССР (1966). У 1913—20 вучыўся ва ун-тах Глазга і Варшавы. Праф. Львоўскага політэхн. ін-та (у 1927—34) і Варшаўскага ун-та (у 1921—27 і з 1934), у 1948—67 дырэктар Матэм. ін-та і віцэ-прэзідэнт (з 1957) Польскай АН. Навук. працы па тапалогіі, тэорыі графаў, тэорыі мностваў і тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, гісторыі матэматыкі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

Тв.:

Рус. пер. — Топология. Т. 1—2. М., 1966—69.

т. 9, с. 43

КУРАЎЛЁЎ Леанід Вячаслававіч

(н. 8.10.1936, Масква),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Дэбютаваў у фільме «Мічман Панін» (1960). Талент камед., вострахарактарнага акцёра выявіўся ў фільмах «Залатое цяля» (1968), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Самазабойца» (1991). Сярод інш. фільмаў: «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Вій», «Старэйшая сястра» (абодва 1967), «Пачатак» (1970), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Афоня» (1975), «Ты — мне, я — табе» (1977), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1980) і інш.

т. 9, с. 43

КУ́РАЎШЧЫНА,

возера ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аршыца, за 17 км на Пн ад Оршы. Пл. 0,21 км2, даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 230 м, найб. глыб. 1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,3 км. Пл. вадазбору каля 4 км2. Створана плацінай на невял. ручаі ў пач. 20 ст. Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пераважна разараныя. Берагі выш. 0,2 м, месцамі зліваюцца са схіламі, у паўд. заліве сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у р. Міронаўка.

т. 9, с. 43

КУ́РАЧКІН Акім Рыгоравіч

(н. 10.9.1912, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. скульптар. Засл. работнік культ. Беларусі (1988). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1934). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераізм народа ў Вял. Айч. вайне: кампазіцыі «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1951), «У тыле ворага» (1958), «Рэйкавая вайна» (1974), партрэты Героя Сав. Саюза А.М.Кіжаватава (1967), падпольшчыцы С.С.Панковай (1968). Аўтар помнікаў воінам Сав. Арміі і партызанам ў Слоніме (1956), Паставах (1965), Полацку (1967), Вілейцы (1969), в. Грозаў Капыльскага (1973) і Маслакі Горацкага (1983) р-наў і інш. Сярод інш. работ: «Поўдзень» (1965), «Юнацтва» (1973), «За волю, за долю» (1982), «На родных прасторах» (1983), бюст Ю.А.Гагарына (1969).

Літ.:

А.Р.Курачкін / Аўтар тэксту Л.Н.Дробаў. Мн., 1987.

Г.А.Фатыхава.

А.Курачкін. За волю, за долю. 1982.

т. 9, с. 43

КУ́РАЧКІН Васіль Сцяпанавіч

(9.8.1831, С.-Пецярбург — 27.8.1875),

рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат М.С.Курачкіна. Да 1853 на ваен. службе. У 1859—73 рэдактар і выдавец сатыр. час. «Искра» (да 1864 з М.А.Сцяпанавым). У 1861—63 чл. цэнтр. к-та тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1848. Пісаў вершы, вадэвілі («Паміж намі, панове!», паст. 1853; «Сюрпрыз», паст. 1854), фельетоны. Пачынальнік у рус. л-ры надзённай паліт. паэзіі, для якой характэрна парадыйнае выкарыстанне розных жанраў (санет, ода, стансы, элегія), увядзенне для камічнага эфекту ў якасці дзеючых асоб герояў вядомых літ. твораў (А.Грыбаедава, М.Гогаля, Дз.Фанвізіна). Перакладаў зах.-еўрап. пісьменнікаў (Мальера, А.Мюсэ, А.Барб’е, В.Гюго і інш.). Найб. вядомы яго пераклады «Песень Беранжэ» (1858; усяго пераклаў 89 песень), у якіх тэмы і вобразы франц. арыгінала суаднесены з рэаліямі рас. рэчаіснасці. Аўтар сатыр. камедыі «Прынц-Лугоня» (пераробка камедыі М.Манье «Кароль Бабален», 1880). Некат. вершы пакладзены на музыку А.Даргамыжскім і М.Мусаргскім.

Тв.:

Стихотворения. Статьи. Фельетоны. М., 1957;

Сгихотворения. М.; Л., 1962.

Літ.:

Ямпольский И. Василий Курочкин // Ямпольский И. Середина века. Л., 1974;

Старицына З.А. Беранже в русской литературе. М., 1980. С. 76—88.

т. 9, с. 44

КУ́РАЧКІН Мікалай Сцяпанавіч

(14.6.1830, С.-Пецярбург — 14.2.1884),

рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат В.С.Курачкіна. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію (1854). З 1860 супрацоўнік час. «Искра». У 1861 прыцягнуты да тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1847 (пераклады). Рэдагаваў час. «Иллюстрация́» (1861—62), «Книжный вестник» (1865—67), альманах «Неўскі зборнік» (1867), вёў бібліягр. аддзел «Отечественных записок» (1868—74) і інш., у якіх змяшчаў артыкулы на грамадска-паліт. тэмы, крытычныя агляды, рэцэнзіі, фельетоны, гумарыстычныя вершы, драм. сцэны. Аўтар аповесці «Непаразуменне» (1850). Пераклаў працу П.Прудона «Мастацтва, яго асновы і грамадскае значэнне» (1865, у сааўт.), вершы Т.Шаўчэнкі, В.Альф’еры, Дж.Джусці, Дж.Леапардзі, А.Барб’е, Ш.Бадлера і інш., камедыю Р.Кастэльвекіо «Вясковая школа» (1868), драму Л.Камалеці «За манастырскай сцяной» (1874) і інш.

Тв.:

У кн.: Поэты «Искры». 2 изд. М., 1955. Т. 2;

у кн.: Поэты 1860-х. Л., 1968.

т. 9, с. 44