КУРАСЛЕ́П, анемона (Anemone),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 3 віды К.: дуброўны (A. nemorosa, нар. назва белыя пералескі), казяльцовы (A. ranunculoides, нар. назва казарост жоўты), лясны (A. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзгорках, схілах яроў і берагах рэк. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны як дэкар. расліны К.. японскі (A. japonica) з буйнымі бела-ружовымі кветкамі, К карончаты (A. coronaria) з белымі, ружовымі, простымі ці махрыстымі кветкамі, К. канадскі (A. canadensis) з бела-крэмавымі кветкамі.

Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя, травяністыя расліны, зрэдку паўкусты. Лісце прыкаранёвае, доўгачаранковае, пальчатарассечанае або раздзельнае. Кветкі адзіночныя, правільныя на кветаносных сцёблах з 3 кальчакова размешчанымі лісткамі. Калякветнік просты, венчыкападобны з 5—20 лісцікамі. Тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Меданосныя, лек., дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя.

Кураслеп.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)