КУ́БЛІЧЫ,
вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на З ад г.п. Ушачы, 172 км ад Віцебска, 19 км ад чыг. ст. Зябкі. 412 ж., 180 двароў (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі на востраве Кубліцкага воз. гарадзішча днепра-дзвінскай культуры.
т. 8, с. 554
КУБЫ́ШКА,
кладка яец саранчовых, акружаная застылымі пеннымі выдзяленнямі прыдатачных залоз палавых шляхоў і інкруставаная часцінкамі глебы. Мае форму поласці, якую самка выкопвае яйцакладам у глебе. Форма К. і суадносіны яе асобных ч. відаспецыфічныя (па К. вызначаюць, якімі відамі саранчовых заселены ўчастак).
т. 8, с. 554
КУ́БЭ ((Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм) (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Г.Дз.Кнацько.
т. 8, с. 554