КУ́БЭ ((Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм) (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),

кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.​Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.

Г.​Дз.​Кнацько.

т. 8, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)