Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАКТО́ ((Cocteau) Жан) (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),

французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл. Франц. акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст. аднайм. монаопера Ф.​Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).

Тв.:

Рус. пер — Портреты-воспоминания: Эссе. М., 1985.

Літ.:

Bross J. Cocteau. Paris, 1970.

т. 7, с. 445

КА́КТУСЫ,

кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.

Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.

Літ.:

Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.

Н.​В.​Богдан.

Кактусы родаў 1 — псеўдалабівія; 2 — эрыякактус; 3 — эпіфіліум; 4 — эхінопсіс; 5 — бесхларафільныя формы; 6 — крыстатная форма.

т. 7, с. 445

КАКТЭ́ЙЛЬ (англ. cocktail літар. хвост пеўня),

ахалоджаная сумесь спіртных напіткаў, соку з дабаўленнем цукру, прыпраў. Малочны К. — сумесь малака з фруктовым сокам.

т. 7, с. 445

КАКУ́РЫН (Мікалай Яўгенавіч) (16.9.1883, г. Арол, Расія — 29.7.1936),

савецкі ваен. дзеяч, ваен. гісторык. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1904) і Акадэмію Генштаба (1910). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Са снеж. 1918 ва ўзбр. фарміраваннях (галіцыйская армія) Зах.-Укр. нар. рэспублікі. З лют. 1920 у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-польск. вайны 1920 (у т. л. на пасадзе пам. камандуючага Зах. фронтам), задушэння Антонава паўстання (1921), баёў з басмацтвам (1922). У 1921—22 старшы кіраўнік па тактыцы ў Ваен. акадэміі РСЧА, з 1923 нач. аддзела па гісторыі грамадз. вайны пры Штабе РСЧА. Аўтар прац па пытаннях вайск. тактыкі, гісторыі грамадз. і сав.-польск. войнаў, у т. л. «Як змагалася рэвалюцыя» (т. 1—2, 1925—26, 2-е выд., 1990; ёсць нямала звестак пра падзеі 1917—20 на Беларусі). У чэрв. 1930 арыштаваны, 19.2.1932 па непраўдзівым абвінавачанні прыгавораны да 10 гадоў зняволення, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 7, с. 445

КАКЦЫ́ДЫ,

падатрад насякомых атр. раўнакрылых хобатных, чарвяцы і шчытоўкі (Coccodea). Больш за 4000 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі найб. трапляюцца 6 відаў: па 2 віды шчытовак і лжэшчытовак, кашаніль польская (Porphyrophora polonica), кермес паўночны (Kermococcus quercus). Фітапаразіты.

Даўж. да 35 мм. Выразны палавы дымарфізм. Самцы рухавыя, з адной парай крылаў. Самкі бяскрылыя, часта без ног, дарослыя нерухома сядзяць на раслінах. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самкі і лічынкі кормяцца сокамі раслін.

т. 7, с. 445

КАКЦЫДЫЁЗ,

адна з інвазійных хвароб чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычнымі прасцейшымі — какцыдыямі. Узбуджальнікі развіваюцца ў клетках кішэчнага эпітэлію, праз сасуды гематагенным шляхам заносяцца ў печань, ныркі і інш. органы, дзе пачынаюць дзяліцца. Перадаюцца праз ежу, ваду, прадметы. Праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 39 °C, слабасцю, дрэнным апетытам, паносам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вельмі пашыраны К. свойскіх жывёл. Ён прыносіць значныя эканам. страты, асабліва ў птушка- і трусагадоўлі. Найчасцей бывае ў веснавы і летні перыяды.

т. 7, с. 445

КАКЦЫ́ДЫІ (Coccidia),

атрад прасцейшых кл. спаравікоў; унутрыклетачныя вузкаспецыфічныя паразіты эпітэліяльнай тканкі пераважна органаў стрававання жывёл і чалавека. Каля 400 відаў. Распаўсюджваюцца пераважна аліментарным шляхам і пры кровасмактанні.

Цела пераважна авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі, якая адбываецца ў вонкавым асяроддзі. Большасць К. мае аднаго гаспадара, некат. двух. Многія К. выклікаюць захворванні жывёл — какцыдыёзы, у чалавека — таксаплазмоз.

Да арт. Какцыдыі. Цыкл развіцця какцыдыі эймерыі: I — першае пакаленне шызонтаў; II — другое пакаленне шызонтаў; III — трэцяе пакаленне шызонтаў; IV — гаметаганія; V — спараганія; 1 — спаразоіты; 2 — малады шызонт; 3 — шызонт з многімі ядрамі, які расце; 4 — шызонт, што распаўся на меразоіты; 5 — меразоіты; 6 — развіццё макрагаметы; 7 — развіццё мікрагамет; 8 — мікрагамета; 9 — аацыста; 10 — аацыста, якая выйшла з кішэчніка труса; 11 — аацыста 3 чатырма спарабластамі і астаткавым целам; 12 — развіццё спор; 13 — аацыста з чатырма спелымі спорамі (у кожнай споры па 2 спаразоіты).

т. 7, с. 445

КАКЦЫДЫЯІДО́З, какцыдыедамікоз,

хвароба чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычным грыбам Coccidioides immitus. Прыродны рэзервуар грыба — глеба. Бывае ў раёнах пустынь і паўпустынь. Заражэнне адбываецца аэрагенным шляхам, праз пашкоджаную скуру ці слізістую абалонку. Адрозніваюць К. першасны і другасны. Найчасцей пашкоджваюцца лёгкія, скура (глыбокія інфільтраты), абалонка рота, косці, нерв. сістэма, унутр. органы. К. нагадвае грып, рэўматызм і інш. з павышэннем т-ры. Лячэнне: хірургічнае, антыбіётыкі, вонкавая тэрапія.

М.​З.​Ягоўдэік.

т. 7, с. 445

КАКЦЫНЕЛІ́ДЫ,

гл. Божыя кароўкі.

т. 7, с. 446

КАКЧЭТА́Ў,

горад у Казахстане, цэнтр Какчэтаўскай вобл., на беразе воз. Копа. Засн. ў 1824 як казацкая станіца. З 1862 горад. 143,3 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак. Прадпрыемствы прыладабуд., хім., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць будматэрыялаў. Пед. ін-т. Тэатр. Гістарычна-краязнаўчы музей.

т. 7, с. 446