Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́РУСНЫ ПЛАЗМАЦЫТО́З,

гл. Алеуцкая хвароба.

т. 4, с. 193

ВІ́РУСЫ

(ад лац. virus яд),

найдрабнейшыя субмікраскапічныя арганізмы няклетачнай будовы, якія складаюцца з нуклеінавай кіслаты і бялковай абалонкі (капсіды). Вірусы — унутрыклетачныя паразіты, якія выклікаюць вірусныя хваробы чалавека і жывёл, а таксама вірусныя хваробы раслін. вірус бактэрый — бактэрыяфагі. Адкрыты рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892), пашыраны ўсюды. Апісана каля 500 формаў вірусаў, якія шкодзяць цеплакроўнай жывёле і больш за 600 формаў вірусаў, што заражаюць вышэйшыя расліны. Вірусы існуюць у форме пазаклетачнай віруснай часціцы (вірыёна) і ўнутрыклетачнай (комплекс Вірус — клетка). Размнажаюцца толькі ў жывых клетках арганізма-гаспадара, выкарыстоўваючы іх ферментатыўны апарат. Нуклеінавая кіслата (РНК пераважна ў фітапатагенных вірусах і ДНК — у вірусах, якія шкодзяць чалавеку і жывёле) — носьбіт спадчыннасці і інфекцыйнасці. Форма вірусаў вызначаецца будовай бялковай абалонкі: палачка- або ніткападобная, сферычная, бацылападобная і інш.; памеры ад 15 да 2000 нм і больш. Вывучае вірусы — вірусалогія.

У вірусах адсутнічае ўласны абмен рэчываў і рэпрадукцыя цалкам залежыць ад метабалічнай актыўнасці клетак гаспадара. Пранікаючы ў клетку, яны накіроўваюць працэсы сінтэзу на рэпрадукцыю саміх вірусаў і ўводзяць дапаўняльную генетычную інфармацыю, якая адмоўна ўплывае на метабалізм клетак. У працэсе рэпрадукцыі фітапатагенных вірусаў узнікаюць генетычна змененыя формы (штамы), што мае вял. значэнне ў эвалюцыі. Вірусы раслін распаўсюджваюцца мех. шляхам, пыльцой, насеннем, з пасадачным матэрыялам, натуральнымі пераносчыкамі (нематодамі, тлямі, грыбамі і інш.).

Літ.:

Биология вирусов животных: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1977;

Гиббс А.,Харрисон Б. Основы вирусологии растений: Пер. с англ. М., 1978;

Власов Ю.И., Ларина Э.И. Сельскохозяйственная вирусология. М., 1982.

Ж.В.Блоцкая.

т. 4, с. 193

ВІ́РХАЎ

(Virchow) Рудольф (13.10.1821, Шыфельбайн, Германія, цяпер г. Свідвін, Польшча — 5.9.1902),

нямецкі прыродазнавец, анатам і патолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік паталагічнай анатоміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1881). Скончыў Берлінскі ун-т (1843). З 1849 у Вюрцбургскім ун-це (з 1856 праф.), адначасова дырэктар Ін-та паталогіі. Навук. працы па тэорыі цэлюлярнай (клетачнай) паталогіі, у адпаведнасці з якой паталаг. працэс — сума парушэнняў жыццядзейнасці асобных клетак арганізма. Апісаў патамарфалогію і растлумачыў патагенез асн. агульнапаталагічных працэсаў. Займаўся антрапалогіяй, археалогіяй і этнаграфіяй. У апошнія гады жыцця праціўнік эвалюц. вучэння Ч.Дарвіна. У 1880—93 чл. рэйхстага, адзін з заснавальнікаў і лідэраў ням. бурж.-ліберальнай прагрэс. партыі (1861, з 1884 — Партыя свабодамысных).

т. 4, с. 194

ВІ́РШЫ

(польск. wierszy ад лац. versus верш),

дасілабічныя і сілабічныя (гл. Сілабічнае вершаскладанне) вершаваныя творы ва ўсходнеславянскіх літаратурах у 16—18 ст. Віршы звычайна наз. вершы для чытання (у процілегласць кантам і псалмам, якія спяваліся). Пазней віршамі сталі называць любыя архаічныя і не зусім удалыя вершы.

т. 4, с. 194

ВІРЫЛІ́ЗМ

(ад лац. virilis мужчынскі),

маскулінізм, вірыльны сіндром, з’яўленне ў арганізме жанчыны другасных мужчынскіх палавых прыкмет. Жанчына набывае мужчынскі целасклад, тып аваласення (гл. Гірсутызм), атрафіруюцца малочныя залозы, зніжаецца тэмбр голасу, павялічваецца клітар. Вірылізм можа ўзнікнуць у любым узросце, абумоўліваецца найчасцей залішняй колькасцю андрагенаў. У большасці выпадкаў узнікае ў выніку захворванняў залоз унутр. сакрэцыі (яечнікі, наднырачнікі).

т. 4, с. 194

ВІРЫЯ́Т

(Viriathus; ? — 139 да н.э.),

кіраўнік паўстання плямён лузітан у стараж. Іспаніі супраць Рыма. Зачэпкай да паўстання быў загад рым. прэтара Гальбоя забіваць ці ператвараць у рабоў няўзброеных лузітан. Умела выкарыстоўваючы тактыку партыз. барацьбы, паўстанцы неаднаразова наносілі паражэнне рым. легіёнам. У 141 быў прызнаны ў Рыме незалежным правіцелем.

Па-здрадніцку забіты сваімі прыбліжанымі, якіх падкупілі рымляне. Пасля гэтага Лузітанія была канчаткова заваявана Рымам.

т. 4, с. 194

ВІРЭ́Н

(Virén) Ласе (н. 22.7.1949, г. Мюрскюля, Фінляндыя),

фінскі спартсмен (лёгкая атлетыка). 4-разовы алімпійскі чэмпіён (1972 і 1976) у бегу на 5000 і 10 000 м. Неаднаразовы рэкардсмен свету на стаерскіх дыстанцыях.

т. 4, с. 194