Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІКТЫМАЛО́ГІЯ

(ад лац. victima ахвяра + ...логія),

навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 156

ВІКУ́ЛАЎ Сяргей Васілевіч

(н. 13.9.1922, в. Емяльянаўская Валагодскай вобл., Расія),

рускі паэт. Скончыў Валагодскі пед. ін-т (1951). У 1968—89 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў паэзіі «Заваяванае шчасце» (1949), «Зялёны цэх» (1954), «Плуг і баразна» (1974, Дзярж. прэмія РСФСР імя А.М.Горкага 1974), «Вогнішча, якое грэла цябе» (1975), «Усходы» (1982), паэм «У завею» (1955), «Табою б ён ганарыўся...» (1957), «Пераадоленне» (1962), «Іў-гара» (1970), «Застаўся ў полі след» (1978), «Споведзь» (1980), кніг нарысаў. Лірыка Вікулава адметная глыбінным пранікненнем у нар. душу, спробай асэнсавання сацыяльных, духоўных і патрыятычных яе пачаткаў, лірычнай напеўнасцю, набліжанасцю да фальклору.

Літ: Коробов В.И. Сергей Викулов. М., 1980; Оботуров В.А. Сергей Викулов: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983.

т. 4, с. 156

ВІКУ́НЬЯ

(Vicugna vicugna),

млекакормячае сям. вярблюдавых. Жыве невял. статкамі пераважна ў маладаступных высакагорных паўзасушлівых стэпах і пустынях Андаў на Пд Перу, ПдЗ Аргенціны, Пн Чылі і часткова на З Балівіі.

Даўж. цела 125—190, хваста 15—25, выш. ў карку 70—110 см, маса 40—65 кг. Цела ўкрыта кароткай, але мяккай і тонкай поўсцю пераважна з пуховых валасоў, у дарослых жывёл рыжаватай на спіне, баках і светла-шэрай на брусе. Хутка бегае (да 47 км/гадз на выш. 4500 м). Корміцца нізкімі травяністымі раслінамі. Мае каштоўнае футра. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 4, с. 156