Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́ФІКС

(ад лац. affixus прымацаваны),

службовая марфема, якая перадае дадатковае лексічнае і граматычнае значэнне слова або вызначае адносіны слова да інш. слоў у сказе. Да афіксаў адносяцца: флексія, або канчатак, — вызначае граматычную форму слова і служыць для сувязі з інш. словамі ў сказе; прэфікс, або прыстаўка (перад коранем), суфікс (пасля кораня), конфікс (з абодвух бакоў кораня), постфікс (пасля суфікса ці флексіі) — служаць для ўтварэння новых слоў або формаў слова; інтэрфікс — выкарыстоўваецца для злучэння пэўных марфем у слове.

Л.І.Бурак.

т. 2, с. 132

АФІЛАФАРА́ЛЬНЫЯ,

непласціністыя (Aphyllophorales), парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гіменаміцэты. Уключае 20 сям., каля 300 родаў і 3 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ў лясных зонах. На Беларусі каля 300 відаў з 87 родаў і 16 сям.: балетопсідных, ганадэрмавых, гіменахетавых, каніяфоравых, картыцыевых, лахнакладыевых, лісічкавых, паліпоравых, порыевых, рагацікавых, скутыгеравых, стэрэумавых, тэлефоравых, фістулінавых, шызафілавых, вожыкавікавых. Большасць афілафаральных — сапратрофы. Жывуць на раслінных субстратах (адмерлай драўніне, лясным подсціле, на глебавым гумусе). Ёсць паразіты травяністых і дрэўных раслін, мікарызаўтваральнікі. Многія афілафаральныя (губавыя грыбы, дамавыя грыбы) разбураюць драўніну. Некат. віды (напр., флебія гіганцкая) выкарыстоўваюцца як біял. антаганісты шкодных разбуральнікаў драўніны — каранёвай губкі. Ёсць лек. (чага, лісічкі і інш.), ядомыя (бяляк, грыбная капуста, грыбная локшына, лось, пеўнік, стракач і інш.). Як рэдуцэнты (дэструктары) адмерлай драўніны і ападу афілафаральныя адыгрываюць вял. ролю ў кругавароце рэчываў.

Міцэлій развіваецца ў субстраце. Гіфы шматлікія, бясколерныя або злёгку афарбаваныя, у некаторых відаў утвараюць грыбныя шнурочкі і плеўкі. Пладовыя целы разнастайнай формы (распасцёртыя, прамастойныя. булавападобныя, цыліндрычныя, разгалінаваныя, шапкападобныя з цэнтр. або эксцэнтрычнай ножкай, сядзячыя, паўкруглыя, капыта-, кансолепадобныя, прымацаваныя бокам ці зачаткавай бакавой ножкай), памераў (ад некалькіх мм да 1 м), колеру і кансістэнцыі (мяккамясістыя, рыхла- або шчыльналямцавыя, плеўкавыя, валакністыя, скурыстыя, коркавыя, дзеравяністыя). Гіменафор гладкі, складкаваты, сеткаваты, шыпаваты, трубчасты, бародаўчаты, лабірынтападобны, зубчастарассечаны. Гіменіяльны слой складаецца з базідый, шматлікіх базідыёл, гіфід, нярэдка са спец. стэрыльных клетак — цыстыдаў, глеяцыстыдаў, шчацінак. Базідыі з 4, радзей 2, 6 або 8 спорамі. Базідыяспоры бясколерныя ці афарбаваныя, з гладкай або шыпаватай, бародаўчатай абалонкай.

А.М.Капіч.

т. 2, с. 132

АФІЛІ́Я

(ад а... + грэч. phyllon ліст),

бязлістасць, адсутнасць лісця ў раслін, звычайна з прычыны рэдукцыі, напрыклад у псамафітаў (кактусаў, чорнага саксаула, джузгуна).

т. 2, с. 132

АФІЛІЯ́ЦЫЯ

(ад англ. affiliate далучаць, звязваць),

1) імкненне чалавека да аб’яднання, знаходжання ў супольнасці з інш. людзьмі. Тэндэнцыя да афіліяцыі ўзрастае ў выпадку ўцягнення суб’екта ў патэнцыяльна небяспечную, стрэсавую (гл. Стрэс) сітуацыю. Блізкасць да інш. людзей зніжае трывогу, змякчае фізіял. і псіхал. стрэсы. Блакіраванне афіліяцыі выклікае пачуццё адзіноты, адчужанасці, параджае фрустрацыю.

2) Прыём у члены; далучэнне ў якасці аддзялення, філіяла і да т.п.

т. 2, с. 132

АФІ́НА,

Афіна Палада, у стараж.-грэч. міфалогіі багіня вайны і перамогі, мудрасці, ведаў, мастацтваў і рамёстваў. Паводле міфа, Афіна ў шлеме і панцыры выйшла з галавы Зеўса. Культ Афіны быў распаўсюджаны па ўсёй Грэцыі, асабліва яе шанавалі ў Афінах. З Афінай грэкі звязвалі назву горада, лічылі багіню яго апякункай. У гонар Афіны штогод спраўлялі свята Панафінеі. Храм Афіны Парфенон — выдатны помнік стараж.-грэч. мастацтва. У рым. міфалогіі ёй адпавядае Мінерва.

т. 2, с. 132

АФІНАГЕ́НАЎ Аляксандр Мікалаевіч

(4.4.1904, г. Скопін Разанскай вобл., Расія — 29.10.1941),

рускі драматург. Скончыў Маскоўскі ін-т журналістыкі (1924). Для ранніх твораў характэрны меладраматызм, спрошчанасць і схематызм вобразаў. Вастрынёй праблематыкі, глыбінёй псіхал. аналізу вызначаюцца п’есы, створаныя ў 1920—30-я г. («Дзівак», «Страх», «Далёкае», «Салют, Іспанія!» і інш.). Развіваў жанр сац.-псіхал. драмы і лірычнай камедыі. Яго стыль адметны спалучэннем публіцыстычнасці і лірызму. У п’есах «Маці сваіх дзяцей» (паст. 1939), «Машачка» і «Напярэдадні» (паст. 1941) сац.-філас. і маральна-этычныя праблемы.

т. 2, с. 132

АФІНА́Ж

(ад франц. affinage ачыстка),

працэс атрымання высакародных металаў высокай чысціні шляхам ачысткі ад дамешкаў; адзін з відаў рафінавання металаў. Золата і серабро ачышчаюць электролізам (чысты метал асядае на катодзе); атрыманае золата мае пробу не ніжэй за 999,9. Плаціну і металы плацінавай групы ачышчаюць т.зв. «мокрым» спосабам: раствараюць у мінер. кіслотах і асаджаюць спец. рэагентамі (хлорысты амоній, аміяк, цукар). Афінаж золата робяць і «сухім» спосабам: расплаўляюць, насычаюць хлорам, хларыды невысакародных металаў выпарваюць, хларыды серабра ўсплываюць на паверхню. Проба золата 996,5, серабра, адноўленага з хларыдаў, 999.

т. 2, с. 132

АФІ́ННАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,

метад раздзялення і ачысткі біялагічна актыўных рэчываў. Заснаваны на іх спецыфічным (адпаведна біял. функцыі) узаемадзеянні з лігандамі, якія звязаны з носьбітам кавалентнай сувяззю. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях для вылучэння ферментаў, антыцелаў, антыгенаў, гармонаў, вірусаў, клетак і вывучэння механізму іх дзеяння, а таксама ў медыцыне пры біяхім. аналізе. Гл. таксама Храматаграфія.

Літ.:

Туркова Я. Аффинная хроматография: Пер. с англ. М., 1980.

т. 2, с. 133

АФІ́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма выхавання хлопчыкаў і юнакоў (дзяцей свабодных грамадзян) у Стараж. Афінах у 7—5 ст. да нашай эры. Мэта афінскага выхавання — дасягненне «гармоніі душы і цела» (інтэлектуальнага, маральнага, эстэт. і фіз. развіцця). Прадугледжвала выхаванне да 7 гадоў у сям’і пад кіраўніцтвам маці або мамкі, пазней — педагога; з 7 да 16 гадоў — навучанне ў прыватных мусічных школах чытанню, пісьму, лічэнню (школа граматыста), музыцы, спевам, дэкламацыі (школа кіфарыста), з 12 гадоў дадаткова — гімнастыцы (палестра); з 16 да 18 юнакі са знатных сем’яў вывучалі філасофію, л-ру, палітыку, фіз. ўдасканаленне праходзіла ў дзярж. гімназіі; з 18 да 20 праводзілася ваеннае навучанне і набывалася паліт. адукацыя ў эфебіі. Фізічная праца выключалася.

Г.В.Сегянюк.

т. 2, с. 133

АФІ́НСКІ АКРО́ПАЛЬ,

архітэктурны ансамбль Стараж. Грэцыі; гіст. ядро і культавы цэнтр Афін Старажытных. Створаны пераважна ў эпоху Перыкла (444/443—429 да нашай эры) пад агульным кіраўніцтвам Фідыя. Акропаль — адно з найб. велічных дасягненняў ант. дойлідства, гарманічны па маштабе збудаванняў, прасторавай арганізацыі, арганічна звязаны з натуральным асяроддзем. Ансамбль акропаля складаюць: парадны ўваход Прапілеі (437—432 да нашай эры, арх. Мнесікл), храм Ніке Аптэрас на выступе крапасной сцяны (449—420 да нашай эры, арх. Калікрат), гал. храм — Парфенон (447—438 да нашай эры), храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя — Эрэхтэён (421—406 да нашай эры). Т.зв. доўгія сцены (каля 455—445) злучалі Афінскі акропаль з портам Пірэй і Фалерскай гаванню. З Пд да акропаля прымыкаюць тэатр Дыяніса (6 ст. — 326 да нашай эры), адэон Перыкла (5 ст. да нашай эры) і інш. Афінскі акропальуваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 2, с. 133