БРЫГАДЗІ́Р
(ням. Brigadier),
1) ва ўзбр. сілах Францыі ў 1667—1788 афіцэрскі чын камандзіра пяхотных ці конных брыгад, пазней чын мал. унтэрафіцэра ў кавалерыі, артылерыі, жандарскіх, інж. часцях; у Германіі да 1674 назва (па пасадзе) камандзіра артыл. брыгады; у Расіі ў 1722—99 афіцэрскі чын, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам; у ВКЛ да 1794 назва камандзіра артыл. ці кав. брыгады. У сучасных умовах званне брыгадзір прысвойваецца афіцэрам сухап. войск Вялікабрытаніі, Індыі, Егіпта і некаторых інш. дзяржаў.
2) Кіраўнік брыгады вытворчай.
т. 3, с. 273
БРЫ́ГАДЭРЭ
(Brigadere) Ганна Крыш’янаўна (1.10.1861, воласць Тэрветэ, Латвія — 25.6.1933),
латышская пісьменніца. Скончыла аднагадовыя пед. курсы (1885). Пісала вершы, апавяданні, п’есы-казкі. Асаблівае месца ў творчасці Брыгадэрэ адведзена жанчыне як захавальніцы маральнай чысціні грамадства. Рэаліст. карціны рэчаіснасці, таленавітае раскрыццё жаночых характараў спалучаны з рэліг. ідэямі, філасофіяй пакоры пакутам. Найб. значныя творы: п’есы «Прынцэса Гундэга і кароль Брусубарда» (1912), «Мая і Пая» (1921), «Чароўная птушка Лаліты» (1926; у п’есах выкарыстоўвала фалькл. сюжэты), аўтабіягр. трылогія «Бог, прырода, праца», «У суровых вятрах», «У каменнай клетцы» (1926—33). На бел. мову асобныя творы Брыгадэрэ пераклаў А.Рыбак (зб. «Песня Даўгавы», 1986).
Тв.:
Raksti. Sēj. 1—20. Rīga, 1912—39.
Э.Кнопе.
т. 3, с. 273
БРЫГАНЦІ́НА
(італьян. brigantino),
1) марское паруснае двухмачтавае судна з прамымі парусамі на пярэдняй мачце (фок-мачце) і косымі на задняй (гротмачце). У 17—19 ст. выкарыстоўваліся ў ваен. флоце як пасыльныя і разведвальныя караблі.
2) Парусна-вёславае судна ў рус. флоце 18 ст. для перавозкі войск і грузаў. Мела 2—3 гарматы. Брыганціна меншая за брыг. У 16—18 ст. Брыганцінай наз. лёгкія быстраходныя пірацкія судны.
т. 3, с. 273
БРЫГС
(Briggs) Генры (2.1561, Уолівуд, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 26.1.1630),
англійскі матэматык. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1588). З 1619 праф. Оксфардскага ун-та. Навук. працы па геаметрыі, трыганаметрыі і навігацыі. Склаў і апублікаваў першыя табліцы дзесятковых лагарыфмаў: 8-значныя для лікаў першай тысячы (1617), 14-значныя для лікаў ад 1 да 20 000 і ад 90 000 да 100 000 (1624). У 1633 выдадзены 14-значныя табліцы лагарыфмаў трыганаметрычных функцый, падрыхтаваныя Брыгсам з Г.Гелібрандам.
т. 3, с. 273
БРЫ́ДЖМЕН
(Bridgman) Персі Уільямс (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),
амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс. атм), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус. пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус. пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.
т. 3, с. 274
БРЫ́ДЖПАРТ
(bridgeport),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Уваходзіць у Вял. Нью-Йорк. Засн. ў 1639. 142 тыс. ж. (1990), з гарадамі Мілфард, Стратфард, Фэрфілд і агульнымі прыгарадамі 444 тыс. ж. Порт у прал. Лонг-Айленд. З в-вам Лонг-Айленд злучаны паромам. Буйны цэнтр металапрамысловасці. Эл.-тэхн., радыёэлектронная, авіяц. (вытв-сць верталётаў, дэталяў і вузлоў), металаапр., хім. прам-сць. Вытв-сць металарэзных станкоў, інструменту, падшыпнікаў, кантрольна-вымяральных прылад, стальных сплаваў, стралк. зброі, боепрыпасаў, метал. галантарэйных вырабаў. 2 ун-ты.
т. 3, с. 274
БРЫ́ДЖТАЎН
(Bridgetown),
горад, сталіца Барбадаса. На З вострава. Засн. ў 1628. 7 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1990). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прадпрыемствы нафтаперапр., лёгкай і харч. прам-сці. Вытв-сць і вываз цукру, патакі, рому. Бункерная станцыя. Курорт. Ун-т Вест-Індыі. Турызм. Арх. помнікі 18 ст.
т. 3, с. 274
БРЫ́ДЭР
(англ. breeder літар. вытворца),
разнавіднасць рэактара-размнажальніка.
т. 3, с. 274
БРЫ́ЕВЫЯ ІМХІ́,
брыіды, зялёныя імхі (Bryidae), падклас лістасцябловых імхоў. Каля 85 сям., 700 родаў і 14 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі каля 40 сям., 115 родаў (найб. пашыраныя брый, дыкран, плеўрозій, зязюлін лён, цэратадон і інш.), 290 відаў. Брыевыя імхі найб. эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць знікненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.
Шмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў з перыстомам.
Літ.: Жизнь растений. Т. 4. М., 1978; Игнатов М.С., Афонина О.М. Список мхов территории бывшего СССР // Arctoa: Бриол. журн. М., 1992. Т. 1 (1—2).
Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 3, с. 274