БРЫ́ГАДЭРЭ
(Brigadere) Ганна Крыш’янаўна (1.10.1861, воласць Тэрветэ, Латвія — 25.6.1933),
латышская пісьменніца. Скончыла аднагадовыя пед. курсы (1885). Пісала вершы, апавяданні, п’есы-казкі. Асаблівае месца ў творчасці Брыгадэрэ адведзена жанчыне як захавальніцы маральнай чысціні грамадства. Рэаліст. карціны рэчаіснасці, таленавітае раскрыццё жаночых характараў спалучаны з рэліг. ідэямі, філасофіяй пакоры пакутам. Найб. значныя творы: п’есы «Прынцэса Гундэга і кароль Брусубарда» (1912), «Мая і Пая» (1921), «Чароўная птушка Лаліты» (1926; у п’есах выкарыстоўвала фалькл. сюжэты), аўтабіягр. трылогія «Бог, прырода, праца», «У суровых вятрах», «У каменнай клетцы» (1926—33). На бел. мову асобныя творы Брыгадэрэ пераклаў А.Рыбак (зб. «Песня Даўгавы», 1986).
Тв.:
Raksti. Sēj. 1—20. Rīga, 1912—39.
Э.Кнопе.
т. 3, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)