БРЫГС

(Briggs) Генры (2.1561, Уолівуд, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 26.1.1630),

англійскі матэматык. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1588). З 1619 праф. Оксфардскага ун-та. Навук. працы па геаметрыі, трыганаметрыі і навігацыі. Склаў і апублікаваў першыя табліцы дзесятковых лагарыфмаў: 8-значныя для лікаў першай тысячы (1617), 14-значныя для лікаў ад 1 да 20 000 і ад 90 000 да 100 000 (1624). У 1633 выдадзены 14-значныя табліцы лагарыфмаў трыганаметрычных функцый, падрыхтаваныя Брыгсам з Г.Гелібрандам.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)