ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 30
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,
участкі паляўнічых угоддзяў са спец. рэжымам выкарыстання, вылучаныя для зберажэння каштоўных відаў дзікіх звяроў і птушак і стварэння спрыяльных умоў для іх размнажэння. На Беларусі існавалі ў 1960—2000. У П.з. забаранялася здабыча і адлоў звяроў і птушак, начны лоў рыбы ў месцах пражывання баброў і інш. прыбярэжных звяроў, выпас жывёлы ў раёнах цецеруковых такавішчаў і інш. месцах размнажэння жывёл, разбіўка палатак і раскладанне вогнішчаў. Для аховы П.з. стваралася егерская служба. На тэр. П.з. ажыццяўляліся біятэхн. мерапрыемствы па павелічэнні колькасці відаў паляўнічай фауны, вялася барацьба з ваўкамі і інш.
Э.Р.Самусенка.
т. 12, с. 30
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ САБА́КІ,
група парод свойскіх сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання. Каля 100 парод. Сфарміраваліся ў працэсе шматвяковага выкарыстання ў розных геагр. зонах і ўмовах мясцовасці ў спалучэнні з натуральным, а потым штучным адборам і спец. дрэсіроўкай. Паводле выкарыстання, паляўнічых якасцей і экстэр’еру вылучаюць 6 асн. груп П.с.: выжлы, ганчакі, лайкі, норныя сабакі, спаніэлі і харты.
Літ.:
Слимак К., Духай Й. Охотничьи собаки: Пер. со словац. М., 1986.
т. 12, с. 30
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 30
«ПАЛЯЎНІ́ЧЫ І РЫБАЛО́Ў»,
газета для паляўнічых, рыбаловаў, аматараў прыроды. Выдаецца з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах 2 разы ў месяц Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. Асвятляе дзейнасць паляўнічых і рыбалавецкіх арг-цый Беларусі, прапагандуе паляванне і рыбную лоўлю як формы рацыянальнага прыродакарыстання, барацьбу з браканьерствам, знаёміць з афіц. распараджэннямі па пытаннях палявання і рыбнай лоўлі, арганізуе праблемныя дыскусіі. Друкуе вершаваныя і празаічныя замалёўкі пра прыгажосць роднага краю, жыццё і звычкі звяроў і птушак.
Т.У.Люковіч.
т. 12, с. 30
ПАЛЯЦКІ́ШКІ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Воранава—Эйшышкес (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад г.п. Воранава, 133 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Беняконі. 437 ж., 169 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Касцёл, капліца.
т. 12, с. 30
ПАЛЯЧЭ́НАК (Алег Георгіевіч) (н. 11.12.1936, С.-Пецярбург),
бел. хімік. Д-р хім. н. (1973), праф. (1975). Скончыў Ленінградскі ун-т (1959). З 1966 у Бел. тэхнал. ін-це (у 1973—79 заг. кафедры). З 1979 у Магілёўскім тэхнал. ін-це (у 1979—86 рэктар, заг. кафедры). Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы газападобных галагенідаў рэдказямельных і рэдкіх элементаў, даследаванні асаблівасцей працэсаў паратварэння гэтых злучэнняў, устойлівасці іх каардынацыйных злучэнняў з аміякам і малекуламі вады. Распрацаваў метады ацэнкі нявызначаных тэрмадынамічных велічынь, разліку высокатэмпературных хім. раўнаваг з удзелам газавай фазы.
Тв.:
Галогениды редкоземельных элементов низшей степени окисления (разам з Г.І.Новікавым) // Успехи химии. 1964. Т. 33, № 6;
Образование и устойчивость низшего оксихлорида фосфора (разам з Г.П.Дудчык) // Докл. АН СССР. 1978. Т. 241, № 5.
т. 12, с. 30
ПАЛЯШЧУ́К (Мікалай Мікалаевіч) (н. 7.5.1949, в. Галёва Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне вірусалогіі. Д-р мед. н. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1977). З 1980 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (з 1998 заг. аддзела). Навук. працы па дыягностыцы, патагенезе прыёнавых і спалучаных хламідыйна-вірусных інфекцый, эпідэміялогіі і імунапрафілактыцы інфекц. захворванняў.
Тв.:
Эффект инфицирования вирусами простого герпеса и кори высокодифференцированных астроцитов человека и морской свинки (у сааўт.) // Бюл. эксперимент. биологии и медицины. 1996. № 10;
Ранняя реакция астроглии на инфицирование вирусом кори in vitro (у сааўт.) // Здравоохранение. 1999. № 8.
т. 12, с. 30
ПАЛЯШЧУ́К (Юрый Міхайлавіч) (н. 10.2.1946, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне аховы раслін. Д-р с.-г. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1970). З 1972 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1988—93 заг. лабараторыі). Навук. працы па лясной фітапаталогіі.
Тв.:
Аб пашкоджанасці асобных форм елкі звычайнай каранёвай губкай (разам з М.І.Фёдаравым) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1978. № 5;
Использование биопрепарата пениофоры гигантской в сосновых насаждениях (з ім жа) // Лесное хозяйство. 1982. № 6.
т. 12, с. 30