Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДТЭ́КСТ,

унутраны, прыхаваны сэнс якога-н. тэксту, выказвання.

т. 11, с. 507

ПАДУА́НСКАЯ ШКО́ЛА,

філас. кірунак 14—16 ст., які развіваў ва ун-тах Паўн. Італіі (Падуі, Мантуі, Ферары, Балонні) традыцыі арыстоцелізму ў авераісцкай інтэрпрэтацыі (гл. Авераізм) або ў тлумачэнні Аляксандра Афрадыйскага (грэч. каментатар Арыстоцеля). Звязана з дзейнасцю праф. Падуанскага ун-та П’етра д’Абана, які замацаваў у італьян. ун-тах прыродазнаўчую праблематыку і арыстоцелізм у трактоўцы араб. філосафаў і Марсілія Падуанскага, які адстойваў аддзяленне палітыкі ад царк аўтарытэту і рэліг. маралі. Да П.ш. належалі праф. Падуанскага і Балонскага ун-таў Анджэла д’Арэца, Паала Венета, Гаэтана да Цьене, Нікалета Вернія, П’етра Трапаліна, Марка Антоніо Зімара, Алесандра Акіліні, Агасціна Ніфа. На філас. думку некаторых прадстаўнікоў позняга перыяду П.ш. паўплывалі ідэі тамізму. Для П.ш. характэрны рысы сярэдневяковага вальнадумства. Прыняўшы дзвюх ісцін тэорыю, філосафы П.ш. развівалі палажэнні, матэрыялістычныя па сваёй тэндэнцыі і непрымірымыя з вучэннем царквы: своеасаблівы сенсуалізм у гнасеалогіі, уяўленне аб нястворанасці чалавечага роду і яго калект. бессмяротнасці, аб адзінстве бессмяротнай душы чалавецтва і смяротнасці індывід. душы, вучэнне аб несвабодзе волі чалавека, аб натуральным дэтэрмінізме. П.ш. мела ўплыў на італьян філосафаў Дж.Бруна, Дж.Ваніні, П.Пампанацы і інш.

т. 11, с. 507

ПАДУА́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых ун-таў Італіі. Засн. ў 1222 у г. Падуя, Італія. Мае статус адм. аўтаноміі. У 1997/98 навуч. г. больш за 60 тыс. студэнтаў; ф-ты: права; паліталогіі; стат., дэмагр. і актуарных навук; філасофіі; псіхалогіі; падрыхтоўкі настаўнікаў; медыцыны, хірургіі і стаматалогіі; фармакалогіі; матэматыкі, фізікі і прыродазнаўчых дысцыплін; інжынерны; с.-г.; ветэрынарыі. Пры ун-це працуе ін-т ядзернай фізікі. Мае б-кі цэнтр., амер. і факультэцкія; музеі антрапалогіі і этнаграфіі; архіў антычнасці, бат. сад, астр. абсерваторыю і інш.

В.М.Навумчык.

т. 11, с. 507

ПА́ДУГА,

крывалінейная паверхня над карнізам унутры памяшкання, якая служыць пераходам ад сцяны да паверхні столі ці плафона.

Падуга.

т. 11, с. 507

ПАДУ́РЫ,

атрад насякомых, гл. Нагахвосткі.

т. 11, с. 508

ПАДУ́СТЫ (Chondrostoma),

род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. 18(10) відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы (акрамя Англіі і Скандынавіі) і Пярэдняй Азіі. Трымаюцца чародамі ў мясцінах з хуткай плынню, пясчаным ці камяністым дном. На Беларусі тыповая форма П. звычайны (Ch. nasus, нар. назвы: свінка, свінюк, сіг, сіга, цырта, чарнакол) у рэках бас. Буга і Нёмана. У бас. Дняпра трапляецца яго форма П. дняпроўскі (Ch.n.nasus natio borysthenicum).

Даўж. да 50 см, маса да 2,5 кг. Рот ніжні ў выглядзе папярочнай шчыліны. Ніжняя губа завострана, з рогападобным чэхлікам. Корміцца водарасцямі (пераважна абрастаючымі), лічынкамі насякомых, ракападобнымі. Аб’ект промыслу.

А.М.Петрыкаў.

Падуст звычайны.

т. 11, с. 508

Падутаў Уладзімір Яўгенавіч

т. 18, кн. 1, с. 437

ПАДУ́ЧАЯ ХВАРО́БА,

тое, што эпілепсія.

т. 11, с. 508

«ПАДУ́ШАЧКА»,

старажытны бел. нар. гульнявы танец-карагод. Муз. памер 2-дольны. Тэмп умераны, часам павольны. Выконваецца пад прыпеўкі з тыповым зачынам: «Падушачка, падушачка, а ўсё пухавая». Вядома ў розных харэаграфічных варыянтах: карагодным, танцавальным, мяшаным. Пры карагодным варыянце пара салістаў разыгрывае тэкст песні ў цэнтры круга. Для танц. варыянта характэрна пастаянная змена пар і стварэнне новых пар у крузе, інстр. суправаджэнне. Мяшаны варыянт спалучае элементы гульні, танца і карагода. Сцэнічным рэдакцыям танца, створаным балетмайстрамі І.Хворастам (1940-я г., Бел. ансамбль песні і танца) і Ю.Сляпнёвым, уласцівы паскарэнне тэмпу, мадэрнізацыя тэксту.

В.М.Яшчанка.

т. 11, с. 508

ПАДУШКАПАДО́БНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя травяністыя (радзей дрэвавыя), звычайна вечназялёныя расліны без выяўленага гал. ствала з пакарочанымі, моцна разгалінаванымі і цесна размешчанымі парасткамі. Рост парасткаў у даўжыню вельмі абмежаваны, што прыводзіць да ўтварэння агульнай, нібы падстрыжанай паверхні — падушкі. Пашыраны ў зонах з надзвычай неспрыяльнымі кліматычнымі ці глебавымі ўмовамі, на асветленых адкрытых месцах існавання — у тундрах, альпійскім поясе гор (гл. Альпійская расліннасць), на акіянічных узбярэжжах (антарктычныя астравы). Вышыня П.р. ад некалькіх сантыметраў (напр., мак палярны) да 1 м пры дыяметры ў некалькі метраў (напр., пікнафілюм).

т. 11, с. 508