Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРЭ́ЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1860—79. Размяшчаўся ў 4-павярховым мураваным будынку на беразе р. Ясельда. У 1862 меў 2 паравыя рухавікі, 2 лакамабілі, 4 паравыя катлы, 8 цэнтрабежных машын. У 1879 працавала 168 рабочых. У розныя гады выраблялі да 10,5 тыс. пудоў цукру за сезон. У 1879 з-д згарэў.

т. 12, с. 157

ПАРЭ́ЦКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у маёнтку Парэчча Ігуменскага пав. (цяпер вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.) у 1892—1915. Выпускаў бутэлькі, ліставое паўбелае і аконнае шкло. У 1895 меў паравую машыну, паравы кацёл, працавала 111 чалавек.

т. 12, с. 157

ПАРЭ́ЧКІ (Ribes),

род кветкавых раслін сям. агрэставых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Еўразіі, Амерыкі і ў Афрыцы (Атласкія горы). На Беларусі 6 дзікарослых і культурных відаў П.: альпійскія (R. aiplinum), залацістыя (R. aureum), пушыстыя (R. spicatum), светлыя (R. lucidum), чорныя (R. nigrum), чырвоныя (R. rubrum). Трапляюцца ў вільготных лясах, сярод хмызнякоў, ускрай балот і па берагах рэк; культывуюцца ў прамысл. і аматарскім садаводстве. 14 відаў інтрадукавана ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Лістападныя, радзей вечназялёныя кусты выш. да 2 м. Парасткі гладкія, часам шыпаватыя. Лісце простае, чаргаванае, голае або апушанае, бывае з залозкамі. Кветкі ў гронках, двух- ці аднаполыя. Плод — ягада. Віды П. аб’ядноўваюць у 3 групы. Для П. чорных характэрны спецыфічны пах з-за наяўнасці залозак на ніжняй паверхні лісця. Вядомыя сарты: Беларускія салодкія, Галубка, Мінай Шмыроў, Кантата-50, Паўлінка. Група П. чырвоных як лек. расліна вядомая з 14 ст., як ягадная — з 16 ст. Сарты: Галандскія чырвоныя, Вялікія белыя, Ненаглядныя. Група П. залацістых эндэмічная для Паўн. Амерыкі. Харч., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Волузнев А.Г. Ягодный сад. Мн., 1970;

Валягина-Малютина Е.Т. Деревья и кустарники Средней полосы Европейской части России. СПб., 1998.

Парэчкі. Сарты: 1 — Беларускія салодкія; 2 — Галубка; 3 — Мінай Шмыроў; 4 — Кантата 50; 5 — Галандскія чырвоныя; 6 — Вялікія белыя.

т. 12, с. 157

ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Пціч. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на З ад г.п. Акцябрскі, 218 км ад Гомеля, 11 км ад чыг. ст. Рабкор. 696 ж., 286 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік на месцы партыз. аэрадрома.

т. 12, с. 158

ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Гродзенскім р-не, на паўн.-зах. беразе воз. Малочнае, на аўтадарозе Гродна—Друскінінкай (Літва); чыг. ст. на лініях Гродна—Вільнюс і Парэчча—Друскінінкай. Цэнтр сельсавета, калгаса, біял. заказніка Парэцкі. За 32 км на ПнУ ад Гродна. 1958 ж., 630 двароў (2000). 2 лясніцтвы, рыбавяндлярны цэх, санаторый, 2 базы адпачынку. Сярэдняя, муз. і санаторная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: царква Казанскай Маці Божай (1901), касцёл Маці Божай (1906).

Вядома з 1660 як маёнтак Гродзенскага віцэ-эканома I.Недзялкоўскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, з 1802 у Сабалянскай вол. Гродзенскага пав. 15.12.1862 на чыг. магістралі Пецярбург—Варшава побач з вёскай адкрыта станцыя Парэчча — першая на Беларусі. У 1904 у вёсцы 349 ж., у пасёлку на чыг. станцыі 239 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Парэцкага раёна, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе 5.2.1943 загубілі 234 чал. З 1978 цэнтр бат. заказніка рэсп. значэння.

В.​М.​Князева.

т. 12, с. 158

ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 205 км ад Брэста. 640 ж., 277 двароў (2000). Крухмальны з-д, лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1912), Парэцкі парк. У 19 ст. ў вёсцы дзейнічалі Парэцкая суконная фабрыка і Парэцкі цукровы завод.

т. 12, с. 158

ПАРЭ́ЧЫН (Рыгор Яўхімавіч) (8.3.1894, в. Задашчэнне Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),

бел. правазнавец. Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1924). З 1921 у Паўнамоцным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе РСФСР (з 1923 Пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР). З 1924 нам. старшыні Камісіі заканад. меркаванняў пры СНК БССР. З 1931 у Ін-це сав. будаўніцтва і права АН Беларусі. Працаваў у Ін-це бел. культуры, Ін-це эканомікі АН БССР. Даследаваў пытанні сав. федэрацыі і нац.-дзярж. будаўніцтва ў БССР. 24.1.1937 арыштаваны і Ваен. калегіяй Вярх. Суда СССР у чэрв. 1938 асуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Советские республики в их взаимоотношениях. Мн., 1922;

Наша Канстытуцыя. Мн., 1928;

Ідэя беларускае дзяржаўнасьці перад утварэньнем Савецкае Беларусі // Зап. Аддз. гуманіт. навук. Пр. кафедры сучаснага права БАН. Мн., 1929. Т. 1.

В.​У.​Скалабан.

т. 12, с. 158

ПАРЭЯЗА́ЎРЫ (Pareiasauria),

падатрад вымерлых паўзуноў падкл. катылазаўраў. 2 сям., каля 15 родаў. Найб. тыповыя прадстаўнікі — скутазаўры. Вядомы з верхняпермскіх адкладаў (каля 240 млн. г. назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Паўд. Афрыцы. Жылі, верагодна, пераважна ў вадзе, трымаліся статкамі ў неглыбокіх вадаёмах.

Даўж. да 4 м. Цела масіўнае, укрытае мяккай слізістай скурай з касцявымі бляшкамі; хвост кароткі. На спіне панцырныя пласцінкі. Галава шырокая, кароткая, з бакавымі вырастамі на скулавых костках (адсюль лац. назва, якая абазначае шчакатыя яшчары). Расліннаедныя. Па рэштках П. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

Да арт. Парэязаўры. Скутазаўр.

т. 12, с. 158