Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЬЦАВЫ́ ЛА́ЗЕР,

квантавы генератар з кальцавым рэзанатарам у форме многавугольніка з адбівальнымі люстэркамі ў яго вяршынях. Выкарыстоўваецца ў якасці адчувальнага элемента квантавых гіраскопаў. К. л. адчувальны да вярчэння вакол восі, перпендыкулярнай да плоскасці рэзанатара; дазваляе вывучаць канкурэнцыю сустрэчных хваль, сінхранізацыю іх частот, параметрычны рэзананс, квантаванне частаты біццяў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К. л. праводзяцца з 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, БПА.

Літ.:

Круглик Г.С. Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.

Г. С.Круглік.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦА́ТЫ (Аркадзь Мікалаевіч) (н. 14.9.1905, С.-Пецярбург),

расійскі і бел. кінааператар. Засл. арг. Беларусі (1935). У 1927—35 на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Удзельнічаў у здымках фільмаў «Джэнтэльмен і певень», «Хвоі гамоняць» (1929). Аператар бел. фільмаў «Рубікон» (1931), «Ураган» (1932), «Гонар свету» (1933), «Першы ўзвод» (1933, з Б.Рабавым), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Шлях карабля» (1935, з Е.Менгдэнам і М.Тэйтэльбаўмам). Сярод фільмаў на інш. кінастудыях: «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Карнавальная ноч» (1956) і інш. З 1963 выступае як рэжысёр. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1952.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦО́,

стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.Купалы, М.Багдановіча, П.Панчанкі, апавяданнях М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Стральцова і інш.

В.П.Рагойша, Я.І.Клімуць.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦО́Ў (Аляксей Васілевіч) (15.10.1809, г. Варонеж, Расія — 10.11.1842),

рускі паэт. Дэбютаваў ананімна ў 1830. Адзіны прыжыццёвы зб. паэзіі «Вершы» (1835). На лёс К. як паэта і на фарміраванне яго ідэйна-маст. поглядаў паўплывала знаёмства з А.Пушкіным і В.Бялінскім. У вершах 1825—30, напісаных у духу сентыментальнай і рамант. паэзіі, паявіліся і рэаліст. рысы («Падарожны», «Начлег чумакоў»). Пісаў пасланні, элегіі, рамансы, мадрыгалы, трыялеты. Вяршыня творчасці К. — песні, створаныя ў традыцыях рус. фальклору. Многія сталі нар. песнямі. Апяваў працу земляроба, красу роднай прыроды («Песня аратага», «Ураджай», «Касец»), расказваў пра цяжкі лёс беднаты («Горкая доля», «Гора», «Доля бедняка»), пра імкненне нар. мас да лепшай долі, выказваў пратэст супраць прыгонніцтва («Дума сокала», «Лес»). Паэзія К. вызначаецца рэалізмам і народнасцю, глыбокім лірызмам і шчырасцю, выразнасцю мовы, рытміка-інтанацыйным багаццем. Паасобныя вершы К. на бел. мову пераклалі Л.Дайнека, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Л., 1958;

Соч. Т. 1—2. М., 1961;

Соч. Л., 1984;

Стихотворения. М., 1989;

Утешение. Можайск, 1994;

Бел. пер. — [Вершы] // Полымя. 1984. № 10;

У кн.: Братэрства, 88. Мн., 1988.

Літ.:

Скатов Н.Н. Кольцов. 2 изд. М., 1989;

Кузнецов В.И. Нетленные строки. Воронеж, 1984.

І.У.Саламееіч.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦО́Ў (Мікалай Канстанцінавіч) (15.7.1872, Масква — 2.12.1940),

савецкі біёлаг, заснавальнік айч. эксперым. біялогіі. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1916). Акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1894). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі (1917—39). Распрацаваў гіпотэзу малекулярнай будовы і матрычнай рэпрадукцыі храмасом («спадчынныя малекулы»; 1928), чым вызначыў прынцыповыя палажэнні сучаснай малекулярнай біялогіі і генетыкі па рэплікацыі генаў на аснове матрычнага сінтэзу бялковых малекул Навук. працы па параўнальнай анатоміі пазваночных жывёл, эксперым. цыталогіі, фізіка-хім. біялогіі. Засн. часопісы: «Успехи экспериментальной биологии» (1922), «Журнал экспериментальной биологии» (1925), «Биологический журнал» (1932).

Тв.:

Организация клетки. М.; Л., 1936.

Літ.:

Полынин В.М. Пророк в своем отечестве. М., 1969;

Астауров Б.Л., Рокицкий П.Ф. Н.К.Кольцов. М., 1975.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦО́Ў (сапр. Фрыдлянд) Міхаіл Яфімавіч

(12.6.1898, Кіеў — 4.4.1942),

расійскі пісьменнік, журналіст. Чл.-кар. АН СССР (1938). Вучыўся ў Петраградскім псіханеўралаг. ін-це (1915). З 1922 у газ. «Правда». Заснавальнік і першы рэдактар час. «Огонёк» (1923—38), рэдактар час. «Крокодил», «За рубежом» (з М.Горкім). У 1938 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1919. Аўтар шматлікіх фельетонаў, кн. нарысаў «Стварэнне свету» (1928), «Хачу лятаць» (1931), цыкла сатыр. навел «Іван Вадзімавіч, чалавек на ўзроўні» (1933), кн. «Буравеснік. Жыццё і смерць Максіма Горкага» (1938). Вынікам паездкі ў Іспанію ў 1931 і 1936 сталі кнігі «Іспанская вясна» (1933) і «Іспанскі дзённік» (кн. 1, 1938).

Тв.:

Избр. произв Т. 1—3. М., 1957.

Літ.:

Веревкин Б.П. М.Е.Кольцов. М., 1977.

т. 7, с. 493

КА́ЛЬЦЫЕВАЯ САЛЕ́ТРА,

тэхнічная назва крышталегідрату нітрату кальцыю, Ca(NO3)2-4H2O. Гл. таксама Кальцыю злучэнні.

т. 7, с. 493

КА́ЛЬЦЫЙ (лац. Calcium),

Ca, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 20, ат. м. 40,08, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. пашыраны ​40Ca (96,94%). У зямной кары 3,38% па масе. Трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (каля 400 мінералаў); вапняк, мармур, мел, апатыт і інш. Метал атрыманы ў 1808 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад лац. calx (calcix) — вапна.

Серабрыста-белы метал, tm 842 °C, шчыльн. 1540 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны, аднаўляльнік. На паветры пакрываецца плёнкай з кальцыю аксіду і кальцыю гідраксіду. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой і к-тамі (акрамя канцэнтраваных сернай і азотнай), 3 галагенамі, пры награванні — з вадародам, азотам, фосфарам, халькагенамі, вугляродам (гл. Кальцыю карбід). У прам-сці атрымліваюць электролізам расплаву сумесі хларыдаў CaCaCl2 (75—85%) і KCl ці алюматэрмічным аднаўленнем К. аксіду. Выкарыстоўваюць для аднаўлення урану, торыю, цэзію, рубідыю, тытану, цырконію і некат. лантаноідаў з іх злучэнняў, як кампанент антыфрыкцыйных сплаваў са свінцом для вытв-сці падшыпнікаў, кальцыю злучэнні — у буд-ве (вапна, цэмент), медыцыне і інш.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦЫНІ́ВАВАНАЯ СО́ДА,

бязводны карбанат натрыю Na2CO3. Гл. таксама Сода.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦЫНО́З СКУ́РЫ,

адклады солей кальцыю ў скуры Узнікае пры гіперкальцыяміі з прычыны выхаду кальцыю з дэпо і паніжаным выдаленні яго з арганізма, парушэнні эндакрыннай рэгуляцыі абмену кальцыю і мясц. парушэннях метабалізму ў скуры ці падскурнай клятчатцы. Найчасцей бывае ў жанчын і дзяцей груднога ўзросту. На скуры твару, ягадзіц пальцаў з’яўляюцца бязболевыя шчыльныя вузлы і бляшкі, якія размякчаюцца і раскрываюцца з выдзяленнем малочна-белай крошкападобнай масы, з утварэннем язваў, якія доўга не загойваюцца. Лячэнне хірургічнае, дыета, лячэнне язваў.

М.З.Ягоўдзік.

т. 7, с. 493