КАЛЬЦО́Ў (Аляксей Васілевіч) (15.10.1809, г. Варонеж, Расія — 10.11.1842),

рускі паэт. Дэбютаваў ананімна ў 1830. Адзіны прыжыццёвы зб. паэзіі «Вершы» (1835). На лёс К. як паэта і на фарміраванне яго ідэйна-маст. поглядаў паўплывала знаёмства з А.Пушкіным і В.Бялінскім. У вершах 1825—30, напісаных у духу сентыментальнай і рамант. паэзіі, паявіліся і рэаліст. рысы («Падарожны», «Начлег чумакоў»). Пісаў пасланні, элегіі, рамансы, мадрыгалы, трыялеты. Вяршыня творчасці К. — песні, створаныя ў традыцыях рус. фальклору. Многія сталі нар. песнямі. Апяваў працу земляроба, красу роднай прыроды («Песня аратага», «Ураджай», «Касец»), расказваў пра цяжкі лёс беднаты («Горкая доля», «Гора», «Доля бедняка»), пра імкненне нар. мас да лепшай долі, выказваў пратэст супраць прыгонніцтва («Дума сокала», «Лес»). Паэзія К. вызначаецца рэалізмам і народнасцю, глыбокім лірызмам і шчырасцю, выразнасцю мовы, рытміка-інтанацыйным багаццем. Паасобныя вершы К. на бел. мову пераклалі Л.Дайнека, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Л., 1958;

Соч. Т. 1—2. М., 1961;

Соч. Л., 1984;

Стихотворения. М., 1989;

Утешение. Можайск, 1994;

Бел. пер. — [Вершы] // Полымя. 1984. № 10;

У кн.: Братэрства, 88. Мн., 1988.

Літ.:

Скатов Н.Н. Кольцов. 2 изд. М., 1989;

Кузнецов В.И. Нетленные строки. Воронеж, 1984.

І.У.Саламееіч.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)