АПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
уключае галіны вытв-сці па перапрацоўцы прамысл. і с.-г. сыравіны. Да яе адносяцца прадпрыемствы па вытв-сці чорных і каляровых металаў, пракату, хім. і нафтахім. прадуктаў, машын і абсталявання, вырабаў дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, цэменту і інш. буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па рамонце прамысл. вырабаў, цеплаэлектрастанцыі, тэкстыльная, мясная, цукр. прам-сць і інш. Доля апрацоўчай прамысловасці ва ўсёй прамысл. прадукцыі адлюстроўвае ступень індустр. развіцця краін і прагрэсіўнасць галіновай структуры прам-сці. У структуры прам-сці Беларусі пераважае апрацоўчая прамысловасць.
т. 1, с. 435
АПРАЦО́ЎЧЫ ЦЭНТР,
многааперацыйны станок з лікавым праграмным кіраваннем. Аснашчаны інструментальным магазінам вял. ёмістасці і прыстасаваннямі для аўтам. змены інструменту. Дае магчымасць весці комплексную мех. апрацоўку вял. колькасці паверхняў загатоўкі рознымі спосабамі — тачэннем, фрэзераваннем, свідраваннем і інш. Кіраванне працэсамі апрацоўкі загатовак ажыццяўляецца па зададзенай праграме. Высокая прадукцыйнасць спалучаецца з магчымасцю рознаварыянтнай і хуткай пераналадкі.
т. 1, с. 435
АПРО́ШЧАННЕ ў мовазнаўстве, марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <*ob=vlakъ<*ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл. Фузія). Тэрмін прапанаваны В.А.Багародзіцкім.
А.А.Кожынава.
т. 1, с. 435
АПРО́ШЫ
(франц. approches),
у ваеннай справе — глыбокія, вузкія зігзагападобныя равы, размешчаныя паміж траншэямі. Ствараліся пры атацы крэпасцяў і ўмацаваных пазіцый для збліжэння з праціўнікам, а таксама для сувязі паміж траншэямі. Упершыню выкарыстаны англічанамі пры аблозе Руана (1418), французамі пры аблозе Мялюна (1420). З пач. 20 ст. тэрмін не ўжываецца, у сучаснай фартыфікацыі заменены на хады зносін.
т. 1, с. 435
АПРЫ́ЛАЎ Васіл Еўстаціеў
(21.7.1789, г. Габрава — 2.10.1847),
балгарскі грамадска-паліт. дзеяч, асветнік, педагог і пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Расіі, Германіі і Венскім ун-це. У 1835 заснаваў у Габраве першую свецкую школу. Аўтар прац «Балгарскія кніжкі, ці Якому славянскаму племю ўласна належыць кірылаўская азбука» (1841), «Думкі пра цяперашняе балгарскае навучанне» (1847) і інш. Творчасць Апрылава спрыяла адраджэнню нац. свядомасці балгараў, іх самабытнай культуры і традыцый.
т. 1, с. 435
АПРЫ́ЧНІНА,
апрышніна, 1) у 14—15 ст. асобнае ўдзельнае ўладанне жанчын з велікакняжацкай сям’і.
2) Назва ўласнага ўдзелу Івана IV у 1565—72 з асобнай тэрыторыяй, войскам і дзярж. Апаратам.
3) Сістэма надзвычайных ваенна-адм., сац.-эканам. мерапрыемстваў Івана IV у 1565—72 для ўмацавання самадзярж. улады, ліквідацыі феад. раздробленасці, барацьбы з непакорнымі феадаламі. Мэтай апрычніны абвяшчалася выкараненне «крамолы». Ажыццяўлялася апрычнікамі, якія мелі неабмежаваныя правы і ўладу, былі непадсудныя органам улады і суда. Суправаджалася жорсткімі расправамі з баярска-княжацкай апазіцыяй, масавымі смяротнымі пакараннямі часта невінаватых людзей, зямельнымі канфіскацыямі і інш. Асабліва жорсткія рэпрэсіі чынілі А.Д.Басманаў, А.І.Вяземскі, Р.Л.Скуратаў-Бельскі і інш. У выніку апрычніны выкаранены феад. сепаратызм, умацаваны самадзярж. дэспатызм і яго сац. апора — служылыя людзі, дваране і сярэднія землеўладальнікі; узмоцнена прыгонніцтва, збяднела значная частка насельніцтва, асабліва пасадскія людзі. У 1572 апрычніна адменена, частка канфіскаваных земляў вернута іх б. уладальнікам.
Літ.:
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985. С. 136—160;
Ключевский В.О. Русская история: Полн. курс лекций. М., 1993. Кн. 1. С. 483—495;
Соловьев С.М. Соч. М., 1989. Кн. 3, т. 5—6. С. 506—547.
т. 1, с. 435
АПРЫ́ШКІ,
удзельнікі нар.-вызв. руху ў зах. раёнах Украіны (Галіччына, Букавіна, Закарпацце) у 16—1-й пал. 19 ст. Выступалі супраць феад. прыгнёту з боку польск. і ўкр. шляхты, аўстр., венг. і малд. памешчыкаў. Найб. вядомыя выступленні апрышкаў у 1730—40 пад кіраўніцтвам К.Доўбуша.
т. 1, с. 435
АПРЭТАВА́ННЕ
(ад франц. apprêter апрацоўваць),
апрацоўка тэкстыльных вырабаў з мэтай надання ім калянасці, незмінальнасці, гідрафобнасці, негаручасці і інш. Ажыццяўляецца прамочваннем ці паверхневай апрацоўкай вырабу спец. рэчывамі (апрэтамі). Для надання калянасці карыстаюцца водарастваральнымі эфірамі цэлюлозы (карбаксіметылцэлюлозай), крухмалам; незмінальнасці — амінафармальдэгіднымі смоламі; гідрафобнасці — крэмнійарган. вадкасцямі; пругкасці — сінт. латэксамі. Гл. таксама Тэкстыльна-дапаможныя рэчывы.
т. 1, с. 435
АПСІ́ДА,
абсіда
[ад грэч. hapsis (hapsidos) скляпенне],
канструкцыйна самастойная частка культавага збудавання; выступ будынка (прамавугольны, шматвугольны, паўкруглы ў плане), які перакрыты паўкупалам ці самкнутым скляпеннем. Упершыню з’явілася ў стараж.-рымскіх базіліках, адкуль перайшла ў хрысціянскія храмы. У апсідзе размяшчаюцца алтар, клір, месца для вышэйшых духоўных і свецкіх асоб, культавыя рэліквіі і г.д. У каталіцкіх храмах дапаўнялася прэсбітэрыем.
т. 1, с. 435