АПРО́ШЧАННЕ ў мовазнаўстве, марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <ob=vlakъ<ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл. Фузія). Тэрмін прапанаваны В.А.Багародзіцкім.

А.А.Кожынава.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)