Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПО́КАЎ Яўген Уладзіміравіч

(1.2.1869, в. Шамраеўка Сквірскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.9.1938),

украінскі гідролаг, гідрагеолаг; адзін з заснавальнікаў гідралогіі. Акад. АН Украіны (1929). Правадз. чл. УАСГНІЛ (1935). Праф. (1917). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1892). У канцы 19 — пач. 20 ст. працаваў на Беларусі ў складзе Заходняй экспедыцыі па асушэнні балотаў Палесся. З 1913 узначаліў работы па вывучэнні балотаў Палесся, інжынер-гідратэхнік Мінскай губ. Займаўся гідрагеал. вышуканнямі для водазабеспячэння Мінска. Выказаў меркаванне пра сувязь геал. структур Пд Беларусі з Дняпроўскай упадзінай на Украіне і інш. З 1926 дырэктар НДІ воднай гаспадаркі Украіны.

Тв.:

Режим речного стока в бассейне Верхнего Дпепра [до г. Киева]... Ч. 1—2. Спб., 1904—13;

Режим грунтовых вод в районе Полесья. Спб., 1914;

Праблема Вялікага Дняпра і асушэнне Палесся. Мн., 1935.

т. 1, с. 431

АПО́КРЫФЫ

(ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.Л.Кароткая.

т. 1, с. 431

АПО́ЛАК,

піламатэрыял, атрыманы з бакавой часткі бервяна. Калі пукаты бок аполка не прапілаваны ці прапілаваны менш як на ½ даўжыні, аполак наз. гарбельным, прапілаваны больш як на ½ — дашчаным. Аполкі ідуць на выраб буд. рыштаванняў, апалубкі, мацавання горных выпрацовак і г.д.

т. 1, с. 431

АПО́ЛЕ

(Opole),

горад на Пд Польшчы. Адм. ц. Апольскага ваяводства. 130 тыс. ж. (1993). Маш.-буд., металаапр.. лёгкая (швейная, трыкат., мэблевая), харч., буд. матэрыялаў (шкляная, 2 цэментныя з-ды), паліграф. прам-сць. Порт на р. Одра, вузел чыгунак і аўтадарог. 2 ВНУ, 2 тэатры, музей, заапарк.

Упершыню згадваецца каля 1000 як слав. паселішча. З 1202 рэзідэнцыя Пястаў. Перад 1254 атрымаў гарадскія правы. З 1532 Аполе (ням. Опельн) у складзе Аўстрыі, з 1740 — Прусіі, пасля 1871 — Германіі. З 1945 зноў у Польшчы. Захаваліся кафедральны сабор 15 ст., францысканскі (засн. ў 1287) і дамініканскі (засн. ў 1295) кляштары, камяніцы 15—18 ст., вежа (1300) б. замка Пястаў і інш.

т. 1, с. 431

АПО́ЛЛІ,

узвышаныя слабахвалістыя раўніны (звычайна зандравыя) з урадлівымі цемнаколернымі карбанатнымі і шэрымі ляснымі глебамі на Пд тайгі і ў зонах мяшаных і шыракалістых лясоў Усх.-Еўрапейскай раўніны. Амаль цалкам узараны і густа заселены (напр., Уладзімірскае аполлі ў Рас. Федэрацыі). На Прыкарпацкай Украіне аполлі — ландшафты лясістай пагорыстасці.

т. 1, с. 431

АПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА

(Województwo Opolskie),

на Пд Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км², нас. 1023 тыс. чал., гарадскога каля 52% (1987). Адм. ц.г. Аполе. Найб. гарады: Кендзежын-Козля, Аполе, Бжэг, Ныса, Крапкавіцы і інш. Размешчана ў Ніжнім Шлёнску, на Апольскай раўніне, Глубчыцкім плато, на Пд заходзяць Судэты (выш. Да 889 м), на У — частка Шлёнскага узв. (выш. да 400 м). Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,6 °C, ападкаў 650 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі. Прам-сць: горназдабыўная, электратэхн., хім., лёгкая, харчовая. Вырошчваюць ячмень, кармавыя культуры, цукр. буракі, бульбу, рапс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Турызм.

т. 1, с. 431

АПО́РНАЕ СВІДРАВА́ННЕ,

праходка глыбокіх свідравін з мэтай вывучэння геал. будовы пэўнай тэрыторыі і вызначэння напрамку пошукава-разведвальных работ. Выконваецца з адборам керну да глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў (у найб. спрыяльных структурных і стратыграфічных умовах). Адрозніваецца дэталёвым паслойным вывучэннем геал. разрэзу комплексам метадаў: геафіз., літолага-петраграфічных, геахім., гідрагеал., палеанталагічных, геахраналагічных і інш. Да апорнага свідравання таксама належыць свідраванне звышглыбокіх свідравін (да 10—15 км) для вывучэння будовы зямной кары і верхняй мантыі Зямлі. На Беларусі планамерна праводзіцца з 1960-х г. з мэтай вывучэння стрататыпаў геал. падраздзяленняў, тэктанічных структур і адкладаў, перспектыўных на карысныя выкапні (нафта, солі, жал. руды, алмазы і інш.).

т. 1, с. 432

АПО́РНАЯ ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,

сістэма замацаваных на мясцовасці арыенціраў, якія служаць апорнымі пунктамі пры здымках і геад. вымярэннях. Вылучаюць апорную геадэзічную сістэму планавую і вышынную. Планавая складаецца пераважна метадамі трыянгуляцыі і паліганаметрыі, узаемнае размяшчэнне яе пунктаў вызначаецца прамавугольнымі каардынатамі (Х і У); вышынная — метадам геам. нівеліравання. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні формы Зямлі, складанні тапаграфічных картаў, інж. пошуках, у буд-ве і г.д., дзе неабходны дакладныя разлікі на мясцовасці.

А.В.Саломка.

т. 1, с. 432

АПО́РНЫ ГАРЫЗО́НТ,

гл. Маркіроўны гарызонт.

т. 1, с. 432

АПО́РНЫ ПУНКТ,

1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.

2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл. Апорная геадэзічная сетка).

т. 1, с. 432