АПО́КРЫФЫ

(ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.Л.Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)