ПАРЫ́ЖСКІ БАСЕ́ЙН (Bassin de Paris),
Паўночна-французская нізіна, узгорыстая раўніна на Пн Францыі, на месцы тэктанічнага прагіну. Пераважаюць выш. 100—150 м, паступова павышаецца ад цэнтра (у раёне Парыжа) да Ардэн, Вагезаў, Цэнтральнага Французскага масіву і Армарыканскага ўзв. Па перыферыі — куэставыя грады (да 500 м). Густая сетка рэк (гал. ч. бас. р. Сена). Клімат умераны, марскі, ападкаў 500—700 мм за год. Гаі шыракалістых лясоў. Асн. індустр. і с.-г. раён Францыі. Нафтавыя і газавыя радовішчы.
т. 12, с. 154
ПАРЫ́ЖСКІ ДАГАВО́Р 1952,
дагавор аб заснаванні Еўрапейскай абарончай супольнасці (ЕАС). Падпісаны 27 мая ў Парыжы міністрамі замежных спраў Францыі, ФРГ, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга. Прадугледжваў стварэнне ваен. групоўкі гэтых краін, а таксама наднац. еўрап. арміі пад кіраўніцгвам вярх. каманд. ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе. Нац. сход Францыі ў жн. 1954 адмовіўся ратыфікаваць гэты дагавор, аднак ён стаў асновай Заходнееўрапейскага саюза, створанага паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 у складзе членаў ЕАС і Вялікабрытаніі.
т. 12, с. 154
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,
мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.
т. 12, с. 154
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1814,
мірны дагавор паміж удзельнікамі 6-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй і Прусіяй) з аднаго боку і пераможанай Францыяй з другога, падпісаны 30 мая ў Парыжы. Пазней да дагавора далучыліся Швецыя, Іспанія і Партугалія. Дагавор захоўваў за Францыяй тэрыторыю ў межах на 1.1.1792. Лёс тэрыторый, якія адыходзілі ад Францыі, падлягаў вырашэнню на міжнар. кангрэсе (гл. Венскі кангрэс 1814—15). Дагавор прадугледжваў аднаўленне незалежнасці Галандыі, Швейцарыі, герм. княстваў і італьян. дзяржаў (акрамя зямель, што адыходзілі да Аўстрыі). Абвяшчалася свабода суднаходства па рэках Рэйн і Шэльда. Францыі вярталася б.ч. калан. уладанняў, страчаных ёю ў час Напалеонаўскіх войнаў.
т. 12, с. 154
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1815,
мірны дагавор паміж удзельнікамі 7-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй) і пераможанай Францыяй, падпісаны ў Парыжы 20 ліст. Завяршыў апошнюю з Напалеонаўскіх войнаў (крас.—чэрв. 1815), у выніку якой у Францыі ў другі раз быў скінуты з прастола Напалеон I і адноўлена ўлада Бурбонаў (гл. «Сто дзён»), Умовы П.м.д. 1815 былі больш суровымі, чым умовы Парыжскага мірнага дагавора 1814. Францыя, зведзеная да межаў 1790, страчвала важныя стратэг. раёны (Філіпвіль, Саарлуі і інш.), павінна была выплаціць кантрыбуцыю (700 млн. франкаў), утрымліваць войскі саюзнікаў, якія заставаліся на яе тэр. на працягу 3—5 гадоў (фактычна акупацыя спынена ў 1818).
т. 12, с. 154
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1856,
дагавор, які завяршыў Крымскую вайну 1853—56. Падпісаны ў Парыжы 30 сак. на заключным пасяджэнні міжнар. кангрэса прадстаўнікамі краін—удзельніц вайны (з аднаго боку пераможанай Расіі, з другога — Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі і Сардзінскага каралеўства), а таксама Аўстрыі і Прусіі. Расія вяртала Турцыі г. Карс у абмен на Севастопаль і інш. гарады Крыма, захопленыя саюзнікамі, Малд. княству (васал Турцыі) — вусце р. Дунай і ч. Паўд. Бесарабіі. Чорнае м. абвяшчалася нейтральным, Расія і Турцыя не маглі трымаць там ваен. флот і арсеналы. Дзяржавы гарантавалі аўтаномію Сербіі, Малд. княства і Валахіі, што выключала прэтэнзіі Расіі на яе асобую апеку над правасл. насельніцтвам Асманскай імперыі. Да дагавора прыкладаліся 3 канвенцыі: 1-я пацвярджала Лонданскую канвенцыю 1841 аб закрыцці Чарнаморскіх праліваў для ваен. суднаў, 2-я вызначала колькасць лёгкіх вартавых суднаў Расіі і Турцыі на Чорным м., 3-я абавязвала Расію не будаваць ваен. умацаванняў на Аландскіх астравах у Балтыйскім моры. П.м.д. аслабіў пазіцыі Расіі ў Еўропе і на Б. Усходзе, абвастрыў Усх. пытанне. Абмежаванні суверэнітэту Расіі на Чорным м. ліквідаваны паводле Лонданскай канвенцыі 1871. Пасля перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 П.м.д. заменены трактатам, прынятым на Берлінскім кангрэсе 1878.
т. 12, с. 154
ПАРЫ́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. і навук. устаноў Еўропы. Засн. з царк. школ у 1215 у Парыжы пры садзейнічанні караля Філіпа Агюста і папы рымскага Інакенція III. Меў 4 ф-ты: вольных мастацтваў, кананічнага права, медыцыны і тэалогіі. У 13—15 ст. — адзін з буйнейшых у Еўропе навуч. і навук. цэнтраў у галіне тэалогіі і юрыспрудэнцыі. У 1257 франц. тэолаг Р. дэ Сарбон заснаваў у Парыжы калеж для дзяцей з бедных сем’яў, якія жадалі вывучаць Тэалогію. У 1554 калеж атрымаў назву Сарбона. Паступова адбылося зліццё Сарбоны з тэалагічным ф-там П.у., пасля чаго іх назвы сталі сінонімамі. У 1793 ун-т паводле рашэння Канвента закрыты, у 1808 дэкрэтам Напалеона I адноўлены і атрымаў статус дзярж. ВНУ. У розны час з ім была звязана дзейнасць многіх вядомых вучоных, у т. л. А.Л.Лавуазье, Ж.Л.Гей-Люсака, Л.Пастэра, П.Ж.Кюры, Ж.Б.Перэна, П.Ланжэвэна, А.Данжуа, Л.В. дэ Бройля, Ж.Дрэша і інш. У 1972 ф-ты П.у. пераўтвораны ў 13 самастойных ун-таў, 4 з іх пераважна знаходзяцца ў старых адміністратыўных будынках Сарбоны, астатнія — у іншых кварталах Парыжа і яго прыгарадах.
Э.М.Крайко.
т. 12, с. 155
ПАРЫ́К (ад франц. perruque),
накладная прычоска з натуральных ці сінтэтычных валасоў, нашытых на аснову.
т. 12, с. 155
ПАРЫКУТЫ́Н (Paricutín),
дзеючы вулкан у Мексіцы, у Папярочнай Вулканічнай Сьеры. Выш. 2774 м (па інш. звестках 3170 м). Узнік у 1943, калі адбываліся выкіды магутных фантанаў гарачага шлаку, якія чаргаваліся з выкідамі пары, попелу і значнымі выцяканнямі лавы. Бесперапынна дзейнічаў да 1952.
т. 12, с. 155