ПАДПАРА́ДКАВАННЕ ў граматыцы,
від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн, 1986.
П.П.Шуба.
т. 11, с. 504
ПАДПАРУ́ЧНІК,
1) обер-афіцэрскае званне (чын) у рас. арміі (з 1703), якое прысвойвалася пасля заканчэння ваен. вучылішча. У кавалерыі яму адпавядаў чын карнета, у казацкіх часцях — харунжага. Скасавана ў 1917.
2) Першаснае воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ў Польшчы, Японіі і інш.
т. 11, с. 504
ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,
адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).
т. 11, с. 504
ПАДПО́КРЫЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,
вырошчванне дадатковай падсяўной культуры на адной плошчы з асноўнай. Падпокрыўная культура застаецца расці на полі пасля ўборкі асн. культуры (убіраюць на павышаным зрэзе), якая мае больш кароткі перыяд вегетацыі і менш зацяняе падпокрыўныя расліны. П.п. даюць магчымасць атрымліваць 2 ураджаі з адной плошчы за вегетацыйны перыяд. На Беларусі ў якасці падпокрыўных культур выкарыстоўваюць адна- і шматгадовыя травы (сырадэля, райграс аднагадовы, канюшына чырвоная, люцэрна пасяўная, цімафееўка і аўсяніца лугавыя), якія добра пераносяць зацяненне ў першай палове вегетацыі і не прыгнечваюць асн. культуру.
У.П.Пярэднеў.
т. 11, с. 504
ПАДПО́ЛЛЕ,
1) памяшканне пад падлогай; падвал.
2) Дзейнасць, накіраваная супраць улад, якая праходзіць тайна, ва ўмовах строгай канспірацыі, а таксама жыццё ў такіх умовах каго-н., хто змагаецца супраць улад.
3) Людзі, што працуюць у такіх умовах і вядуць канспіратыўную работу.
т. 11, с. 504
ПАДПО́ЛЬНЫ І ПАРТЫЗА́НСКІ ДРУК у Вялікую Айчынную вайну,
перыядычныя выданні, якія выпускалі падп. парт., камсамольскія органы, партыз. фарміраванні на часова акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва. Гл. Друк падпольны.
т. 11, с. 504
ПАДПО́Р вады,
павышэнне ўзроўню вады ў рацэ ў выніку ўзвядзення штучнага збудавання або ўтварэння прыродных перашкод (звужэнне рэчышча, нагрувашчванне камянёў, заломы, зажоры, заторы і інш.). Бывае пастаянны (напр., ад плаціны) і часовы. Суправаджаецца памяншэннем нахілаў і скорасці цячэння, характарызуецца велічынёй падняцця ўзроўню і адлегласцю, на якую ён распаўсюджваецца. З нарастаннем велічыні П. павялічваецца акумуляцыя наносаў, зарастанне рэчышча, падымаецца ўзровень грунтавых вод, адбываецца падтапленне і забалочванне прылеглай тэрыторыі.
т. 11, с. 504
ПАДПРА́ПАРШЧЫК,
воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У рас. арміі існавала ў 1722—1917. Прысвойвалася унтэрафіцэрам і фельдфебелям, якія вытрымалі экзамен або вызначыліся ў баях, і юнкерам. П. карысталіся некаторымі правамі малодшых афіцэраў.
т. 11, с. 505
ПАДРА́Д,
1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (падрадчык) абавязваецца на сваю рызыку выканаць пэўную работу па заданні другога боку (заказчык). Работы выконваюць з матэрыялаў падрадчыка або заказчыка, заказчык абавязваецца прыняць і аплаціць вынікі работы. Парадак заключэння дагавораў на падрад, правы і абавязкі іх удзельнікаў рэгламентуюцца заканадаўствам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь грамадзянін можа прыняць на сябе выкананне работы па П. ў выпадку, калі гэта не забаронена законам. Падрадчык, які выконвае работу з свайго матэрыялу, нясе адказнасць за яго якасць. Калі з закона або з дагавора не вынікае, што падрадчык павінен выканаць работу асабіста, ён мае права прыцягнуць для выканання работ інш. асоб (субпадрадчыкаў). Са згоды генеральнага падрадчыка заказчык можа заключаць дагаворы на выкананне асобных работ. Спец. правілы існуюць для асобных відаў П. (бытавы П., П. на буд-ва, выкананне праектных, вышукальных работ і інш.).
2) Форма арг-цыі працы, заснаваная на замацаванні за пэўным калектывам часткі або ўсяго аб’ёму работ па вытв-сці прадукцыі, аказанні паслуг (напр., калектыўны П., брыгадны П.).
А.В.Моцін.
т. 11, с. 505
ПАДРА́ДЧЫК,
юрыдычная або фіз. асоба, якая выконвае пэўны від работ у сваёй краіне або за мяжой на аснове дагавора падраду, заключанага з заказчыкам. Для вядзення работ (напр., будаўніча-мантажных на аб’ектах капітальнага буд-ва) П. звычайна мае асн. і абаротныя сродкі, кадры і інш. рэсурсы, ажыццяўляе дзейнасць на аснове гасп. (камерцыйнага) разліку, знаходзіцца на самастойным балансе і дзейнічае па зацверджаным статуце (палажэнні). П. розных відаў работ падпарадкоўваюцца генеральнаму П. (генпадрадчыку), які можа перадаваць спец. работы (напр., сан.-тэхн.) субпадрадчыкам (інш. прадпрыемствам, арг-цыям), заключаючы з імі дагаворы субпадраду.
У.Р.Залатагораў.
т. 11, с. 505