Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,

вызваленчае антыфаш. паўстанне насельніцтва Парыжа ў час 2-й сусв. вайны. Адбылося 19—25 жніўня. Было кульмінацыяй руху Супраціўлення, які асабліва актывізаваўся і пашырыўся ва ўмовах паспяховых дзеянняў англа-амер. саюзнікаў у Францыі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944 і «Оверлорд»), а таксама шэрагу паражэнняў вермахта на ўсх. фронце. Узбр. выступленне патрыётаў рыхтавалася арг-цыяй фронту ўнутр. сіл, якія ў чэрв. 1944 налічвалі 500 тыс. чал., пры актыўнай падтрымцы франц. кампартыі. Непасрэднае кіраўніцтва паўстаннем ажыццяўляў Парыжскі к-т вызвалення на чале з А.​Тале; камандаваў унутр. арміяй Парыжскага р-на палк. А.​Роль-Тангі. У выніку вулічных баёў патрыёты за 6 дзён вызвалілі б. ч. Парыжа. Вечарам 24 жн. ў горад увайшло падраздзяленне франц. бранятанк. дывізіі ген. Ф.​Леклерка і 25 жн. аказала дапамогу парыжанам у ліквідацыі апошніх ваен. апорных пунктаў акупантаў. Гарнізон ням.-фаш. войск капітуляваў. У той жа дзень у Парыж прыбыў кіраўнік Часовага ўрада Франц. рэспублікі Ш. дэ Голь.

Да арт. Парыжскае паўстанне 1944: 1 — заклік Парыжскага камітэта вызвалення да насельніцтва сталіцы; 2 — французскія патрыёты на барыкадах у Парыжы. Жнівень 1944.

т. 12, с. 151

ПАРЫ́ЖСКАЙ БО́ЖАЙ МА́ЦІ САБО́Р Нотр-Дам дэ Пары

(Notre-Dame de Paris),

помнік ранняй франц. готыкі ў Парыжы. Пабудаваны ў 1163—1257 на в-ве Сітэ. 5-нефавая базіліка (даўж. 130 м, шыр. 108 м, выш. інтэр’ера 35 м) з кароткім трансептам, хорам з двайным абыходам і вянком капэл, 2 вежамі (выш. 69 м), што фланкіруюць зах. фасад. Для архітэктуры сабора характэрна спалучэнне рыс раманскага стылю (гарыз. чляненні фасадаў, часткова неапрацаваныя паверхні сцен, прастата арх. дэкору) з новым, гатычным разуменнем прасторы будынка і выкарыстаннем новых канструкцый (стральчатая арка, аркбутаны). Фрагментарна захаваліся вітражы (ружы зах., паўд. і паўн. фасадаў, 13 ст.) і скульптура (на фасадах, каля 1165—1225; у хоры, 13—14 ст.). Інтэр’ер і фасады перабудаваны ў 17—18 ст. Сабор значна падноўлены рэстаўрацыяй 19 ст. (арх. Ж.​Б.​Ласю, Э.​Э.​Віяле-ле-Дзюк). На ўзор П.Б.М.с. пабудавана многа храмаў у Францыі і інш. краінах. Іл. гл. да арт. Готыка.

т. 12, с. 152

ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1789—94,

орган парыжскага гар. самакіравання ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ліп. 1789 выбаршчыкі Парыжа ад 3-га саслоўя арганізавалі ў ратушы Пастаянны к-т (орган муніцыпальнай улады), які прыняў закон аб выбарах грамадзянамі П.к. (Парыж быў падзелены на 48 секцый). У час Устаноўчага сходу (ліп. 1789 — вер. 1791) у П.к. пераважалі прадстаўнікі канстытуцыйна-манархічнай буржуазіі фельяны, у час Заканадаўчага сходу (да звяржэння манархіі) — рэспубліканцы (жырандысты). У канцы ліп. 1792 у секцыях Парыжа пачаўся рух за звяржэнне караля. 10.8.1792 створана новая паўстанцкая П.к. (большасць складалі якабінцы), якая адыграла вядучую ролю ў звяржэнні манархіі, арганізацыі абароны Парыжа і Францыі ад замежнай інтэрвенцыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту П.к. ліквідавана, большасць яе членаў пакарана смерцю, Парыж падзелены на 12 не звязаных паміж сабою раённых муніцыпальных саветаў.

т. 12, с. 152

ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,

орган улады ў Парыжы ў час нар. рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла да ЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл. Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл. Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар. насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 да чэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням. акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс. чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс. нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас. Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.

1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс. чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс. чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.​Маркс, Ф.​Энгельс і У.​І.​Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням. акупац. войск.

Літ.:

История Парижской коммуны 1871 г. М., 1971;

Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.

Р.​А.​Чыкалаў.

Да арт. Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.​Ламі.
Да арт. Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.

т. 12, с. 152

ПАРЫ́ЖСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ музыкі і дэкламацыі, вышэйшая музычная ўстанова Францыі. Створана ў 1793 у Парыжы як Нац. муз. ін-т у выніку зліцця Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі (засн. ў 1784) і муз. школы Нац. гвардыі (з 1792); з 1795 сучасная назва. Заснавальнік і першы кіраўнік Б.​Сарэт. Пры П.к. адкрыты ў 1812 тэатр, у 1823 Пачатковая школа спеваў, у 1828 «Таварыства канцэртаў Парыжскай кансерваторыі» (дзейнічае).

Прымае навучэнцаў амаль без узроставых абмежаванняў. Студэнты, якія паспяхова закончылі курс кампазіцыі, адзначаюцца (з 1803) нац. дзярж. Рымскімі прэміямі. У 19—20 ст. П.к. ўзначальвалі кампазітары Л.Керубіні, Д.Ф.Абер. А.​Тама, К.​Дэльвенкур, М.​Дзюпрэ, Р.​Лушор і інш., сярод выкладчыкаў музыканты Ф.​Паэр, Ж.​Ф.​Лесюэр, Ф.​Галеві, Р.Крэйцэр, А.​Адан, П.​Дзюка, А.​Карто, Д.Міё. Мае б-ку (засн. ў 1801), у якой адзін з найбольшых у Францыі збораў нот і кніг па музыцы, Музей муз. інструментаў (з 1861).

т. 12, с. 153

ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1919—20,

міжнародная канферэнцыя, скліканая краінамі-пераможцамі ў першай сусветнай вайне 1914—18 для выпрацоўкі і падпісання мірных дагавораў з пераможанымі дзяржавамі (Германіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй). Праходзіла ў Парыжы 18.1.1919—21.1.1920 (з перапынкамі). Удзельнічалі больш за 1 тыс. дэлегатаў ад 27 краін (прадстаўнікі Германіі і яе б. саюзнікаў дапушчаны толькі пасля выпрацоўкі праектаў мірных дагавораў з імі); гал. ролю адыгрывалі прэзідэнт ЗША Г.Вільсан, прэм’ер-міністры Д.Лойд Джордж (Вялікабрытанія) і Ж.Б.Клемансо (Францыя). У ходзе канферэнцыі падрыхтаваны Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй (падпісаны 28.6.1919), Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 з Аўстрыяй (10.9.1919), Нёіскі мірны дагавор 1919 з Балгарыяй (27.11.1919), Трыянонскі мірны дагавор 1920 з Венгрыяй (4.6.1920) і Сеўрскі мірны дагавор 1920 з Турцыяй (10.8.1920), прынята рашэнне пра стварэнне Лігі Нацый (яе Статут увайшоў у тэксты мірных дагавораў). Абмяркоўваўся і комплекс пытанняў, звязаных з інтэрвенцыяй у Сав. Расію і яе блакадай (рас. прадстаўнікі афіцыйна не былі запрошаны на канферэнцыю). Канферэнцыя дэ-факта прызнала незалежнасць Эстоніі, Латвіі, Літвы (20.8.1919), урады Грузіі, Азербайджана, Арменіі (студз. 1920), дала дазвол на часовае знаходжанне ням. войск на тэр. Прыбалтыкі, фактычна прызнала акупацыю Польшчай Усх. Галіцыі (26.4.1919), адмяніла эканам. блакаду Сав. Расіі (16.1.1920). У снеж. 1919 рабочы орган П.м.к. — Вярх. савет Антанты — вызначыў часовую граніцу Польшчы на У, прыняўшы за аснову этнагр. прынцып (у 1920 атрымала назву «Керзана лінія»). На канферэнцыі дзеячы БНР (місіі Д.​Сямашкі, А.Луцкевіча) намагаліся ўзняць бел. пытанне, але беспаспяхова. Гл. таксама Версальска-Вашынгтонская сістэма.

Літ.:

Ціхаміраў А.В. Беларуская праблематыка на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—1920 гг. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1996. № 4.;

История дипломатии. Т. 3. 2 изд. М., 1965.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 12, с. 153

ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1946,

міжнародная канферэнцыя (29 ліп. — 15 кастр., Парыж) па разглядзе падрыхтаваных на Патсдамскай канферэнцыі 1945 Саветам міністраў замежных спраў (СМЗС) СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая праектаў мірных дагавораў паміж дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, якія перамаглі ў другой сусветнай вайне 1939—45, і б. саюзнікамі Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй. Склікана паводле рашэнняў Маск. нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (снеж. 1945). Прысутнічалі дэлегацыі 21 краіны, у т. л. СССР, БССР і УССР (удзел апошніх 2 сав. рэспублік тлумачыўся іх членствам у ААН і іх укладам у перамогу над фаш. дзяржавамі). Абмяркоўваліся паліт., тэр. і эканам. пытанні ў 10 камісіях. Бел. дэлегацыя (паўнамоцныя дэлегаты: К.В.Кісялёў — кіраўнік, А.​Г.​Бондар, П.​В.​Лютаровіч, Г.​Г.​Навіцкі, В.​І.​Фясько, А.​А.​Чыжоў, Ф.​П.​Шмыгаў і 2 прадстаўнікі: Н.​П.​Новік, В.​І.​Яшумаў) найб. абараняла інтарэсы СССР і яго саюзнікаў (краін Усх. Еўропы) па працэдуры галасавання, выступала ў падтрымку рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада, але не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі), Югаславіі (за далучэнне да яе Трыеста), Балгарыі (супраць адрыву ад яе тэр. на карысць Грэцыі). Тэксты дагавораў канчаткова ўзгоднены на сесіі СМЗС у Нью-Йорку 4.11—12.12.1946 і падпісаны 10.2.1947 у Парыжы (гл. Парыжскія мірныя дагаворы 1947).

Літ.:

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997. С. 46—58.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 153

ПАРЫ́ЖСКАЯ О́ПЕРА (L’Opéra de Paris),

«Гранд-Апера» (Grand Opéra; афіц. назва Нацыянальная акадэмія музыкі і танца; Académie Nationale de musique et danse), оперна-балетны тэатр у Парыжы; адзін з вядучых цэнтраў франц. муз.-тэатр. культуры. Засн. ў 1669, адкрыты ў 1671 як Каралеўская акадэмія музыкі (да 19 ст. назвы мяняліся). У 1713 пры т-ры створана балетная школа. З 1875 працуе ў будынку, пабудаваным арх. Ш.​Гарнье (рэканструяваны ў 1936; размалёўка плафона М.​Шагала, 1963—65), і наз. «Гранд-Апера». Дзейнасць тэатра звязана з увасабленнем на сцэне твораў розных жанраў нац. франц. оперы: лірычная трагедыя, опера-балет, вялікая опера, лірычная опера і інш. Ставіліся творы Ж.​Б.​Люлі (у 1672—87 кіраўнік тэатра), Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюка, Дж.​Расіні, Дж.​Меербера, Г.​Берліёза, Г.​Даніцэці, А.​Адана, Ш.​Гуно, Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера, Ж.​Маснэ, К.​Сен-Санса, Л.​Дэліба і інш., некаторыя з іх у тэатры пастаўлены ўпершыню. Склалася франц. школа класічнага танца. Акрамя опер і балетаў франц. кампазітараў у рэпертуары сусв. класіка, у т. л. руская (творы М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева). У тэатры выступалі і выступаюць вядомыя спевакі, у т. л. М.Ф.Малібран, П.М.Віярдо-Гарсія, Джулія Грызі, Д.​Дзюваль, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Шаляпін, А.​Няжданава, Ц.Гобі, М.Геда; артысты балета М.Тальёні, К.Грызі, Л.​Дарсанваль, Л.​Дэйдэ, В.Ніжынскі, С.Перэці, С.Атанасаў, П.​Бар; сярод балетмайстраў Ж.Ж.Навер, Л.​Петыпа, С.Ліфар, М.Фокін, М.Бежар, у 1985—89 маст. кіраўнік балетнай трупы Р.Нурыеў; дырыжоры Ш.​Ламуро, Э.​Калон, П.​Манцё, Р.​Дэзарм’ер, Ш.​Мюнш, Л.​Фарэсцье, П.Булез і інш. З 1990 працуе балетная сцэна, у будынку на пл. Бастыліі — оперная.

Л.​В.​Календа.

т. 12, с. 153

ПАРЫ́ЖСКАЯ ШКО́ЛА,

1) мастацкая школа франц. кніжнай мініяцюры, якая існавала ў 14—15 ст. пры дварах караля Карла V, герцагаў Бургундскага і Берыйскага (т.зв. франка-фламандскі стыль). Вызначалася вытанчанасцю малюнкаў і лінейных арнаментаў, каліграфічнасцю. Сярод майстроў Ж.​Арлеан, А.​Баневё, Ж.​Малуэль, браты Лімбург і інш. 2) Умоўная назва інтэрнац. кола мастакоў, якія працавалі ў Парыжы пераважна ў 1910—20-я г. (М.​Кіслінг, А.​Мадыльяні, Ж.​Пасхін, Х.​Суцін, І.​Фудзіта, М.​Шагал і інш.).

Да арт. Парыжская школа. Браты Лімбург. Ілюстрацыя да «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Каля 1416.

т. 12, с. 154

ПАРЫ́ЖСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1947.

Падпісаны 10 лют. ў Парыжы паміж дзяржавамі-пераможцамі ў другой сусветнай вайне 1939—45 і б. саюзнікамі Германіі ў Еўропе (Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй). Набылі сілу 15.9.1947. Падрыхтаваны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 у ходзе працы Савета міністраў замежных спраў (засн. на Патсдамскай канферэнцыі) і Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946. Дагаворы з б. саюзнікамі Германіі падпісвалі тыя краіны, што былі з імі ў стане вайны (з Італіяй — 20 дзяржаў, што абвясцілі ёй вайну, з Фінляндыяй — 10, з Румыніяй, Балгарыяй і Венгрыяй — адпаведна 11, 12 і 12); ад імя ўрада БССР усе 5 дагавораў падпісаў міністр замежных спраў К.В.Кісялёў. Пастановы мірных дагавораў ліквідавалі тэр. набыткі б. саюзнікаў Германіі. Італія прызнала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі, акупіраваныя ёй Дадэканескія а-вы вярталіся Грэцыі, Юлійская Крайна (акрамя Трыеста) перадавалася Югаславіі, а Трыест з прылеглай да яго невял. вобласцю быў абвешчаны «свабоднай тэр.» (у 1954 паводле італа-югасл. пагаднення зах. частка «свабоднай тэр.» разам з г. Трыест адышла да Італіі, а Усх. — да Югаславіі). Італія пазбаўлялася сваіх афр. калоній — Лівіі, Эрытрэі і Італьян. Самалі. Былі скасаваны Венскія арбітражы 1938 і 1940. Венгрыя вяртала ч. Трансільваніі, Румыніі, а Фінляндыя вобласць Петсама (Печанга) — Сав. Саюзу. На перададзенай Сав. Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэр. Поркала-Уд на паўн. узбярэжжы Фінскага заліва (недалёка ад Хельсінкі) стваралася сав. ваенна-марская база (у 1955 сав. ўрад датэрмінова адмовіўся ад арэнды Поркала-Уд). Паліт. пастановы абавязвалі Італію, Венгрыю, Румынію, Балгарыю, Фінляндыю забяспечыць сваім грамадзянам асн. дэмакр. правы і свабоды, забаранялі адраджэнне і дзейнасць фаш. арг-цый, прадугледжвалі прыцягненне да суда ваен. злачынцаў. Гэтым краінам дазвалялася мець для мэт абароны абмежаваную колькасць узбр. сіл, але забаранялася вырабляць атамную і інш. зброю масавага знішчэння. Эканам. раздзелы дагавораў прадугледжвалі выплату адпаведнымі краінамі рэпарацый ахвярам экспансіі: Сав. Саюзу, Албаніі, Грэцыі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Эфіопіі. П.м.д. спрыялі ўрэгуляванню адносін паміж дзяржавамі пасля 2-й сусв. вайны.

т. 12, с. 155